Прэс-служба ФК "Дынама-Брэст" абвяргае, што Зайцаў можа прадаць клуб
Прэс-служба футбольнага клуба "Дынама-Брэст" абвяргае публікацыю пра тое, што бізнесмен Аляксандр Зайцаў можа прадаць клуб. Інфармацыя пра гэта ў нядзелю з'явілася на сайце media-polesye.by. У каментары пінскаму журналісту Зайцаў нібыта сказаў, што разглядае брэсцкі клуб "Рух", які выйшаў у вышэйшую лігу, "як базавы праект". "Гэта значыць "Дынама-Брэст" я буду намагацца прадаць, а развіваць футбольны клуб "Рух", — такія словы ўладальніка дынамаўскага клуба прыводзіў інтэрнэт-рэсурс. Пасля таго, як гэтую навіну перадрукавала нямала сайтаў, з першакрыніцы яна знікла. А пасля там з'явілася ўдакладненне ці абвяржэнне:
"Каментар бізнесмена перад публікацыяй не быў з ім узгоднены, таму звесткі аб намерах продажу ФК "Дынама-Брэст" аказаліся няправільна патлумачаныя, за што прыносім прабачэнні Аляксандру Зайцаву".
З заявай выступіла прэс-служба брэсцкіх дынамаўцаў. "Інфармацыя аб тым, што Зайцаў пакідае "Дынама-Брэст" не адпавядае рэчаіснасці і з'яўляецца чыстай правакацыяй", — цытуе яе by.tribuna.com.
Як вядома, сёлета брэсцкае "Дынама" стала чэмпіёнам Беларусі, а "Рух" прабіўся ў эліту ў выніку стыкавых матчаў з магілёўскім "Дняпро". Аляксандр Зайцаў і раней выказваў свае сімпатыі да "Руха", але юрыдычна ён да гэтага клуба не мае дачынення, што пацвердзіў нядаўна і кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў. Справа ў тым, што адзін уласнік можа мець у вышэйшай лізе толькі адну каманду. З-за гэтага ўзнікла праблема ў "Мінска" і мінскага "Дынама", гаспадар у якіх адзін — Мінгарвыканкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.