Пробашча кафедральнага касцёла ў Мінску адправілі ў Заслаўе

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі агучвае рашэнні / catholic.by
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі агучвае рашэнні / catholic.by

Пробашча кафедральнага касцёла ў Мінску Антонія Клімантовіча звольнілі і адправілі ў Заслаўе. Ён там будзе пробашчам парафіі замест ксяндза Дзмітрыя Пухальскага, якога перавялі ў Мінск — ён будзе пробашчам кафедральнага касцёла. Пра гэта 6 ліпеня аб'явіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На ксяндза Клімантовіча, які праслужыў у згаданай парафіі два дзесяцігоддзі, апошнім часам нападалі прапагандысты. У пастах акрамя абвінавачанняў у “злівах” інфармацыі “экстрэмісцкім каналам” яны паставілі яму ў віну “забойства жывёлаў”. У якасці доказаў апублікавалі некалькі яго здымкаў з сацсетак: у тым ліку з… вялікім сомам.

"З аднаго боку, такая адстаўка ўкладаецца ў трэк ціску рэжыму на Касцёл з мэтай пазбавіцца ад непрыемных для ўладаў асоб на ключавых пасадах. З іншага боку, перавод святароў з аднаго прыходу на іншы з'яўляецца распаўсюджанай практыкай", піша тг-канал "Хрысціянская візія".

А вось пытанне Чырвонага касцёла застаецца нявырашаным. "Нягледзячы на ціск уладаў, кіраўніцтва РКЦ захоўвае ў адносінах да яго статус-кво... Відавочна, што кіраўніцтва РКЦ знаходзіцца пад моцным ціскам уладаў і не гатовае ісці на канфрантацыю. Аднак адмаўляецца дэманстраваць і поўную лаяльнасць, спрабуючы шукаць нейтральныя варыянты кадравых рашэнняў", — адзначае тая ж "Хрысціянская візія".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі