Пуцін прапанаваў жыхарам Крыма выбраць паміж Расіяй і электрычнасцю
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці сацыялагічнае апытанне жыхароў Крыма і Севастопаля, каб даведацца, ці згодныя яны на вяртанне энергазабеспячэння з боку Украіны, калі ў кантракце на пастаўкі электрычнасці паўвостраў будзе названы яе тэрыторыяй. Другое пытанне: Ці гатовыя вы да часовых цяжкасцяў, звязаных з нязначнымі перабоямі энергазабспячэння на працягу бліжэйшых 3-4 месяцаў? Пра ініцыятыву Пуціна распавёў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак.
Як інфармуе ВВС, расійскі прэзідэнт даручыў тэрмінова звярнуцца ў гэтай справе да аднаго з вядучых прафесійных агенцтваў. Адзначаецца, што Масква не згодная з фармулёўкай новага кантракту на пастаўку электрычнасці Украінай у Крым, паколькі паўвостраў называецца тэрыторыяй Украіны. Таму пытанне аб яго заключэнні вырашаць толькі пасля апытання. Калі ж дамову не заключаць, дык у бліжэйшыя месяцы дэфіцыт электраэнергіі будуць кампенсаваць за кошт дызельных генератараў, сказаў Новак.
30 снежня Украіна цалкам спыніла пастаўкі электраэнергіі ў Крым. Прычынай адключэння назвалі аварыю (альбо дыверсію) на лініі электраперадач.
Фота: Bymedia.net