Радзівонаў, Бонд, Хіжынкова, Барабаншчыкава і іншыя чытаюць Багдановіча (відэа)
Верш "Раманс", які многія памятаюць як "Зорку Венеру", — адзін з самых рамантычных твораў Максіма Багдановіча. Даследчыкі мяркуюць, што паэта натхніла яго Ганна Какуева, якой таксама прысвечаная нізка вершаў "Мадонны" са зборніка "Вянок". Цётка Ганны, якая замяніла дзяўчыне маці, была супраць яе адносінаў з хворым на сухоты Максімам. З думкамі пра каханую паэт у 1912-м годзе і напісаў верш "Раманс".
9 снежня 2016 года ў Беларусі адзначаецца 125 гадоў са дня нараджэння Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды Еўрарадыё папрасіла вядомых беларусаў прачытаць славуты "Раманс":
Чэмпіён Беларусі па футболе, форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў крыху саромеўся чытаць верш "на людзях" і выгнаў "пабочных асобаў" з кабінета, дзе адбываўся запіс. Вольгу Хіжынкову запісвалі ў велічэзнай зале Нацыянальнай школы прыгажосці. Яна адразу папярэдзіла: "Мне вашы паперкі не патрэбныя, "Зорку Венеру" ведаю на памяць!".
Музыку Уладзіміра Пугача Еўрарадыё злавіла ў грымёрцы пасля канцэрта, бізнесмена Аляксандра Кныровіча — у кавярні падчас дзелавой сустрэчы. Да Вольгі Барабаншчыкавай прыехалі ў шоу-рум яе брэнда адзення, да метэаролага Дзмітрыя Рабава — у Дом прэсы, дзе ён даваў інтэрв'ю (натуральна, пра надвор'е). Каця і Саша — стваральнікі паб-квіза "Мазгабойня" — завіталі на запіс у студыю Еўрарадыё, а Уладзімір Максімкаў і Юрый Стыльскі чыталі Багдановіча сам-насам з камерай, у хатніх умовах.
У наступным годзе беларусы будуць адзначаць 135 гадоў са нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Напэўна, нас чакаюць яшчэ некалькі цікавых праектаў!