Расійскі лыжнік адмовіўся выступаць за Беларусь і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург?

Расійскі лыжнік адмовіўся выступаць за Беларусь і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург?

Член беларускай нацыянальнай каманды па лыжных гонках расіянін Міхаіл Куклін, якога чыноўнікі на будучай Алімпіядзе бачылі замест славутага Сяргея Далідовіча, з канца лістапада не ўдзельнічае ў стартах. На двух апошніх ён быў зарэгістраваны, але на лыжню так і не выйшаў. Хоць уся астатняя каманда ўжо за першыя дні снежня паспела паўдзельнічаць у некалькіх гонках у Італіі і Аўстрыі.

Нагадаем, што расійскія лыжнікі прыцягнулі ўвагу яшчэ ў ліпені, калі апынулася, што яны, не маючы беларускага грамадзянства, выступаюць на міжнародных спаборніцтвах за Беларусь, а таксама плануюць паехаць на Алімпійскія гульні у складзе нашай зборнай.

Як стала вядома Еўрарадыё, адзін з расійскіх лыжнікаў Міхаіл Куклін пакінуў зборы нацыянальнай каманды і нібыта адмовіўся выступаць за нашу краіну.

Звязацца з Міхаілам Кукліным не ўдалося. Прачытаўшы паведамленні ў сацсетках, ён не адказваў, ігнараваў званкі ў Viber. Гэтак жа паведамленні ігнаравала яго жонка, расійская біятланістка Ларыса Кукліна.

Старшыня Беларускай федэрацыі лыжных гонак Андрэй Каваленка настойвае, што ўсё нармальна і Куклін разам з астатняй камандай цяпер на зборах:

"Усё нармальна, усё як заўсёды. Зборы праходзяць на этапах Кубка свету, і Міхаіл Куклін у складзе нацыянальнай каманды рыхтуецца да спаборніцтваў".

Пасля гэтай размовы, як стала вядома Еўрарадыё ад прадстаўніка федэрацыі лыжных гонак, Андрэй Каваленка тэрмінова вылецеў у Давос, дзе цяпер на зборах знаходзіцца нацыянальная каманда Беларусі.

Падобна на тое, што Міхаіл Куклін так і не атрымаў беларускае грамадзянства, хоць яшчэ ў жніўні старшыня федэрацыі запэўніваў, што расіяніну далі беларускі пашпарт, як і іншым замежным лыжнікам у нацыянальнай камандзе. Выходзіць, што былі дарэмна патрачаныя два гады і грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў на падрыхтоўку спартсмена, які ў любы момант мог сысці?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі