"Рэал" выйграў Лігу чэмпіёнаў, усё вырашылі супергол Бэйла і траўма Салаха

"Рэал" выйграў Лігу чэмпіёнаў, усё вырашылі супергол Бэйла і траўма Салаха

Мадрыдскі "Рэал" выйграў футбольную Лігу чэмпіёнаў. У фінале, які 26 траўня прайшоў на "Алімпійскім" у Кіеве, быў абыграны "Ліверпуль" (3:1), які ўжо на 30-й хвіліне застаўся без свайго лідара і найлепшага бамбардзіра Махамеда Салаха. Ён атрымаў траўму ў адзінаборстве з Серхіё Рамасам і быў заменены.

Пачатак першага тайма быў за "Ліверпулем", які некалькі разоў наладжваў "пажар" у штрафной пляцоўцы "Рэала". Але пасля сыходу з поля Салаха мадрыдцы ўзялі гульню пад свой кантроль. У першым тайме траўму атрымаў і быў заменены Дані Карвахаль з "Рэала". І Салах, і Карвахаль не маглі стрымаць слёз — не ад болю, ад крыўды, што не могуць гуляць у такім матчы.

Першы тайм — 0:0. У другім тайме была ўжо іншая гульня. "Рэал" пайшоў наперад і на 51-й хвіліне адкрыў лік. Жахлівую памылку дапусціў брамнік "Ліверпуля" Карыюс, які выкінуў мяч рукой проста на ногу Карыму Бензема, а ад яе ён паляцеў у браму.

Здавалася, што футбалістам англійскага клуба будзе цяжка вытрымаць усе цяжкасці, якія выпалі на іх долю. Але яны вытрымалі і зраўнялі лік! Манэ на 55-й пасля розыгрышу кутняга згуляў на апярэджанне ў некалькіх метрах ад брамы.

Але на 61-й хвіліне на замену замест Іска (перад гэтым ён трапіў у перакладзіну) выйшаў Гарэт Бэйл, які стаў героем фіналу. Праз тры хвіліны ён забіў фантастычны гол, у падзенні ўдарам праз сябе.

У "Ліверпуля" былі шанцы, каб адыграцца. Манэ аднойчы трапіў у штангу. Але "Рэал" утрымаў мінімальную перавагу, а на 83-й зноў забіў Бэйл (чарговая памылка брамніка).

Іспанскі клуб трэці раз запар выйграў Лігу чэмпіёнаў! І гэта 13-я перамога "Рэала"! Крышціяну Раналду — першы ў гісторыі пяціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі