Сапраўдны gangsta rap: Сіроп прэзентаваў відэа "Хватит" ад кліпмэйкера "Ляпісаў"
Фота: Алена Ходар
Новы артыст лэйбла SunWoofer, рэпер Сіроп, апублікаваў відэакліп "Хватит" і аднайменны ЕР з трох песень.
На пачатку 90-х Сіроп граў на саксафоне ў першым складзе "Ляпіса Трубяцкога", потым падсеў на наркотыкі. У 1997 годзе трапіў пад суд за крадзеж і нашэнне зброі і наступныя 20 гадоў правёў у турмах і лагерах, адбыў 10 тэрмінаў. У 2009 годзе падчас чарговай адседкі Сiроп пачаў слухаць хіп-хоп і складаць уласныя тэксты, якія паступова станавіліся ўсё больш чэпкімі, ёмістымі, насычанымі сэнсамі і нечаканымі алюзіямі.
У 2017-м, выйшаўшы на волю ў дзявяты раз, Загорын паказаў свае песні экс-прадзюсару “Ляпісаў” і саўладальніку лэйбла SunWoofer Яўгену Калмыкову, і яны вырашылі папрацаваць разам. Аднак, адыграўшы ўсяго адзін канцэрт у Мінску, Сiроп зноў сарваўся і трапіў за краты. Правёўшы некалькі месяцаў у КПЗ, ён вырашыў канчаткова завязаць з алкаголем і наркотыкамі, уладкаваўся на працу на будоўлю і пачаў запісваць свае песні разам з бітмэйкерам Яўгенам Бондарам.
Першыя з гэтых запісаў і ўвайшлі ў самотнік “Хватит”, а яго загалоўны трэк быў экранізаваны рэжысёрам Аляксеем Церахавым, таксама вядомым па працы з "Ляпісам Трубяцкім" (кліпы “Ау”, “Капитал”, “Воины света”).
"Я адзіны сапраўдны гангста-рэпер з усіх, хто чытае па-руску", — заяўляе Сiроп.
Канцэртная прэзентацыя “Хватит” пройдзе 27 снежня ў мінскім клубе "Графіці".