Дыяна Арбеніна: "Новую пласцінку ўжо запісалі"

"Салют, хлопцы!" — яшчэ са спіны гукнула Дыяна Арбеніна, уваходзячы ў намёт на фестывалі "Рок за Баброў". І распавяла, як сябры ў Расіі не маглі паверыць, што ў Мінску можа быць рок-фестываль.

"Мне вельмі прыемна, што на маёй радзіме ўсё ж такі магчымы рок-н-рол. Паверце, калі мы гаварылі, што едзем у Мінск іграць на рок-фестываль, усе вельмі здзіўляліся і пыталіся: а што, такое можа быць? Я кажу: але вось калі не сарвецца, дык мы прыедзем. Не сарвалася".

Кажуць, што ў вас у Барысаве бабуля. Гэта праўда?

"Так. Я сёння была ў бабулі... у гасцях. У яе ўжо год як вельмі добрая... утульная магіла. Вось... я сёння там была. Можна сказаць, што я была там, дзе прайшло маё дзяцінства і была з бацькам. Нарадзілася ў Валожыне і пражыла там 3 гады. У Валожыне я была тры гады таму, за год да нараджэння дзяцей. І мяне накрыла такая настальгія, што выратавала малое шчаня, якога сталі карміць — і я неяк пераключылася".

Што прынесла з'яўленне дзяцей?

"Я засталася жывая. У мяне ўжо ўсё было — як пікіруючы бамбардзіроўшчык. А яны нарадзіліся, і мяне гэта спыніла".

Адказ на пытанне наконт гурта "Звери", які ў чарговы раз узяў прэмію МузТВ як найлепшы рок-гурт, сарваў апладысменты.

"Я не гляджу такое", — адказала Дыяна Арбеніна.

А пра беларускія "чорныя спісы" чулі?

"Чула; і чула, што мы былі ў ім. Толькі я тады не разумею, што я тут раблю. Можа быць, мы пагаворым і мяне адразу адвязуць назад?"

Дарэчы, гурт Naka, які быў у спісах забароненых музыкаў, паспяхова выступіў у гэты дзень на сцэне "Рок за Баброў".

Еўрарадыё цікавіцца ў Дыяны Арбенінай: што найперш прыцягвае ўвагу ў Мінску?

"Ведаеце, вось калі дастаць белую насоўку, якой ніхто практычна не карыстаецца ўжо, вось калі яе дастаць і працерці праспект, я думаю, што следу не застанецца. Усё вельмі чысцютка і стэрыльна. Чаму стэрыльна? Ну, гэта рэалія Беларусі, усё вельмі выстраена і... словам "дасканала" абмяжуемся. Я думаю, тут проста вельмі шмат чаго забараняюць, таму да смецця не даходзіць".

"У 2012 годзе неяк па-асабліваму сябе адчуваеце?" — спыталі журналісты ў Арбенінай, відаць, маючы на ўвазе міфічны каляндар індзейцаў Мая.

"Натуральна! У нас былі такія фундаментальныя выбары сёлета, што кожны пачуваецца па-асабліваму. Я сама не галасавала, гэта бескарысна і бессэнсоўна. Больш за тое, я была ў гэты момант у Амерыцы з дзецьмі. Але калі б галасавала, то за Прохарава".


"Ці можа малады гурт іграць без прадзюсара?" — цікавіцца хтосьці, відаць, з маладых музыкаў.

"Не верце ў тое, што граць зараз немагчыма. Магчыма! Як і была ў 1993 годзе магчымасць іграць, гэтак і сёння. Я не магу сказаць, што ў мяне быў дзядзька, які мне даў хоць капейку і прасоўваў. Мы ўсё рабілі самі".

Вельмі шмат Дыяна казала пра сваю радзіму і ўзгадвала дзяцінства.

"Я сёння была на магіле ў бабулі. Яна пражыла 92 гады. Яна была самай галоўна у сям'і і мне яе вельмі нестае. Я калі прыйшла да яе, зразумела, што трэба сябе берагчы.

Беларусь — гэта мая радзіма. Яе нікуды не дзець. Чым я больш сталею, тым больш мяне цягне сюды. Незалежна ад таго, што тут адбываецца. Мне тут вельмі добра спіцца. Я тут адпачываю".

А чаму тады Украіну як месца жыхарства выбіралі?

"Я думаю, куды ўцячы з Расіі".

А ў Беларусь?

"Дзякуй вялікі. Шыла на мыла?.. З задавальненнем!"


Дарэчы, новы альбом гурта "Ночные снайперы" ўжо гатовы, і пачуць яго можна будзе ўвосень ці нават раней: "Усё ўжо зроблена, пласцінка ўжо запісаная. Не хапае толькі аднаго — каб яе хто-небудзь спёр і выдаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі