Фатаграфаваць забараняецца: Адміністрацыя Лукашэнкі і суп з “Лідо”

“Калі ўзяць Канстытуцыю, напрыклад, то ў нас ёсць там 34 і 51 артыкулы, якія даюць права на збор і распаўсюджанне інфармацыі, а таксама права на мастацкае самавыяўленне”, — расказвае юрыст Аляксей Малюшыцкі.

 121210_pilecki_foto.mp3

Чытаю асноўны закон краіны сам. Ён і праўда дазваляе фатаграфаваць дзе заўгодна. Але рэчаіснасць выглядае іначай — толькі ў цэнтры Мінска адразу некалькі так званых рэжымна-стратэгічных аб’ектаў — Дом урада, сядзіба КДБ, Адміністрацыя Лукашэнкі. Калі паспрабаваць не хаваючыся фатаграфаваць на блізкай адлегласці, вас у лепшым выпадку папросяць сысці падалей суворыя мужчыны ў форме. У горшым — правядзеце нейкі час у кампаніі маладых і дзёрзкіх хлопцаў у цывільным.

Юрысты гавораць, што забараняюць фатаграфаваць будынкі паводле унутраных распарадкаў. Але і гэтыя правілы можна абысці, калі звярнуцца за дазволам афіцыйна.

“Гіпатэтычна, калі забараняюць фатаграфаваць са спасылкай на унутраныя правілы, можна звярнуцца з пісьмовым дазволам да кіраўніцтва дадзенай установы і даведацца, наколькі законная забарона”.

Каб праверыць словы юрыста, іду да Адміністрацыі Лукашэнкі з фотаапаратам. Як толькі спрабую сфатаграфаваць будынак, два высокія мужчыны ў зялёнай форме паведамляюць, што зрабіць фота я змагу толькі пасля дазволу Службы бяспекі кіраўніка краіны. Атрымаць яго можна па адрасе Бабруйская, 3. Падача — асабістая. Разгледзець просьбу абяцаюць за некалькі гадзін, паведамляючы пры гэтым, што кожны дзень выдаюць стос дазволаў на фатаграфаванне важных з пункту гледжання бяспекі кіраўніка краіны аб’ектаў. Слухаючы гэтыя бадзёрыя абяцанні так і ўявіў сабе чаргу з турыстаў-замежнікаў, якія дружна пішуць заявы ў Службу бяспекі, каб атрымаць магчымасць пафатаграфаваць дзяржаўныя будынкі.

Забараняюць у Мінску фатаграфаваць не толькі дзяржаўныя будынкі. Налепку з перакрэсленым фотаапаратам можна ўбачыць на дзвярах большасці вялікіх крамаў і нават у кавярнях. Эксперты тлумачаць, што гэта незаконна.

“Шмат у якіх крамах забараняюць фатаграфаваць, матывуючы тым, што гэта прыватная ўласнасць. Гэта абсалютна няправільна, бо існуе яшчэ паняцце публічнага месца, дзе грамадзянам дазваляецца збіраць інфармацыю. Гэтаксама і ў крамах забараняюць фатаграфаваць, хоць гэта можа рабіцца для таго, каб жонцы паказаць магчымую пакупку, альбо яшчэ некаму”.

На сталічных форумах у інтэрнэце знаходжу самае недружалюбнае для фатографаў месца – рэстаран самаабслугоўвання “Лідо”. Абураныя наведнікі пішуць, што шматкроць сутыкаліся з неадэкватнай рэакцыяй афіцыянтаў на фотаапарат. Маўляў, “Лідо” мае ўнікальны дызайн. Аднак у рэстаране мяне запэўніваюць, што фатаграфавацца там можна. З адной толькі умовай — нельга, каб у кадр трапілі… стравы!

“Фатаграфавацца ўнутры наведнікам можна. На фоне інтэр’ера, напрыклад. Нельга фатаграфавацца на фоне раздачы страваў… Нельга стравы фатаграфаваць”.

Чым выкліканая такая дзіўная забарона — высветліць не ўдалося. А яна насамрэч пакідае шмат пытанняў. Страва, аплочаная кліентам, становіцца яго ўласнасцю. Ды і вынесці яе з рэстарана, каб сфатаграфаваць на вуліцы, можа любы ахвотны.

Як даведалася Еўрарадыё, незаконнае таксама частае патрабаванне пакінуць прафесійную фотатэхніку ў камерах захоўвання падчас канцэртаў. Менавіта з такой сітуацыяй нядаўна давялося сутыкнуцца у “Мінск-Арэне”, калі туды прыехаў выступаць украінскі гурт “Акіян Эльзы”. Ахова дазваляла прайсці толькі з “мыльніцамі”, а вялікія фотаапараты прымушала пакідаць у адмысловым пакоі. Юрысты тлумачаць, што паводле беларускіх законаў камера вашага мабільніка мае аднолькавы статус з самым “наварочаным” фотапаратам. А таму дазваляць на канцэртах здымаць тэлефонамі і забараняць рабіць тое ж люстранымі фотакамерамі — незаконна.

“Шмат у якіх крамах забараняюць фатаграфаваць, матывуючы тым, што гэта прыватная ўласнасць. Гэта абсалютна няправільна, бо існуе яшчэ паняцце публічнага месца, дзе грамадзянам дазваляецца збіраць інфармацыю. Гэтаксама і ў крамах забараняюць фатаграфаваць, хоць гэта можа рабіцца для таго, каб жонцы паказаць магчымую пакупку, альбо яшчэ некаму”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі