Украінскія феміністкі распрануліся ў Мінску на прыступках КДБ (ВІДЭА)
Прадстаўніцы Femen паспелі ўцячы ад людзей у цывільным, а журналістаў затрымалі.
Дзяўчаты з налепленымі вусамі распрануліся і разгарнулі плакат "Жыве Беларусь!". Журналістаў, якія прысутнічалі на месцы падзеяў, затрымалі. Дзякуючы гэтаму украінкам з Femen удалося ўцячы.
Уключэнне з нашай карэспандэнткай Настай Манцэвіч:
Як усё адбывалася?
Каля 11 раніцы насупраць будынка КДБ спынілася таксоўка, з якой выскачылі тры дзяўчыны. На бягу яны скінулі з сябе вопратку, і ўжо топлес сталі на прыступкі КДБ. Некалькі хвілінаў дзяўчаты з украінскага руху Femen беспакарана крычалі "Жыве Беларусь!".
На тварах у актывістак былі прымацаваныя вусы, а на спіне ў адной з іх — выява твару Аляксандра Лукашэнкі, які намалявала адна з удзельніц.
Праз некалькі хвілінаў з будынку КДБ выйшла ахова і адразу пачала хапаць журналістаў. Дзяўчаты з Femen тым часам рынуліся на ўцёкі, апранаючыся на хаду. Іх спрабавала затрымаць міліцыя, але супрацоўнікі МУС былі настолькі шакаваныя, што адпусцілі ўкраінак.
"Мы акурат апраналіся на хаду, у нас быў досыць дзіўны знешні выгляд. Міліцыянеры схапілі нас за рукі, спрабавалі выкарыстаць фізічную сілу, але не зразумелі, што адбываецца, разгубіліся і адпусцілі. Цяпер, відаць, яны разумеюць, што зрабілі вялікую памылку", — распавяла Еўрарадыё адна з удзельніц акцыі Іна Шаўчэнка.
***
Падчас акцыі ахова будынку КДБ затрымала затрымала відэааператара сайта nn.by Таццяну Гаўрыльчык, незалежнага фатографа Юлію Дарашкевіч і яшчэ адну журналістку — відэааператара з Аўстраліі Кіці Грын. Таксама ёсць звесткі, што затрыманы відэааператар Аляксандр Баразенка.
Праз 15 хвілінаў пасля акцыі да будынку пад'ехалі спецназаўцы. Яны чапіліся да ўсіх, хто стаяў з тэлефонамі.
Па звестках сайта nn.by, Таццяна Гаўрыльчык перадае, што іх трымаюць у будынку КДБ, чакаюць спецыялістаў, якія маюць выцерці іх фота- і відэазапісы.