Яраслаў Раманчук: Я не бачу ніводнага міністра, які б захаваў пасаду

У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Яраслаў Раманчук назваў, колькі павінен зарабляць прэзідэнт, і расказаў, адкуль у 18-гадовых беларусаў з'явіцца магчымасць займець уласнае жыллё.


— Ваш ідэал палітычнага лідэра?

— Мой ідэал палітычнага лідэра — гэта нешта паміж Рональдам Рэйганам і Маргарэт Тэтчэр. Гэта — жалезная воля, гэта — вартасці, гэта — дэтэрмінацыі, гэта — магчымасць прымаць рашэнні, нягледзячы на тое, што кажа натоўп і што падказваюць простыя рашэнні. Гэта людзі, якія ў вельмі складных сітуацыях рабілі вельмі патрэбныя рэчы. І таму — ёсць з каго браць прыклад.

— Вашая самая любімая кніга?

— Безумоўна, мая любімая кніга — “Атлант расправіў плечы” Айн Рэнд. Але да таго, як я яе прачытаў у 1993 годзе, маёй любімай кнігай была “Закаханыя кабеты” Дэйвіда Лорэнса, англійскага класіка.

— А ці ёсць любімая песня?

— Песня апошніх двух гадоў — “Ружовыя акуляры” “Ляпісаў”. А таксама песня з “Белага альбома” Лявона Вольскага “Гэй, наперад!”. Гэта з сучаснай беларускай музыкі. Калі ж я кажу пра класіку, а класіка для мяне — гэта хард-рок, то гэта ўсе альбомы AC/DC, а таксама творы польскіх гуртоў, такіх, як Perfect, Bajm, Lombard. Гэта тыя песні, якія я слухаю з задавальненнем.

— На ваш погляд, у колькі разоў заробак прэзідэнта мусіць перавышаць заробак настаўніка, да прыкладу?

— Я думаю, што заробак прэзідэнта павінен быць 5 тысяч долараў у месяц. Незалежна ад таго, колькі зарабляюць настаўнікі ці лекары. Я думаю, што лекары ў нашай краіне будуць зарабляць значна больш, а настаўнікі мусяць зарабляць мінімум 500 долараў у сённяшніх варунках. І гэта тыя вехі, якіх трэба прытрымлівацца. Прэзідэнт не павінен быць бедным, але не павінен быць і прадпрымальнікам.

— Як вы ставіцеся да сэксуальных меншасцяў?

— Нейтральна. Яны ёсць часткай нашага жыцця. Калі яны жывуць і нікога не чапаюць — няхай сабе жывуць. Еўрапейскі падыход, талерантнасць павінен быць галоўным у дачыненні да ўсіх меншасцяў.

— У вашай кішэні зараз ёсць кашалёк? Колькі ў ім грошай?


— Там 450 тысяч рублёў і яшчэ пару сот долараў.

— Як вы дома звяртаецеся да сваёй каханай жанчыны?

— Так і кажу: “Каханая”, альбо — Алеся, альбо — мілая.

— Ці ёсць у вас з Алесяй нейкая традыцыя сямейная, хоць вы яшчэ і не распісаліся афіцыйна?

— Гэта традыцыя маіх продкаў, маёй сям’і: кожны Вялікдзень і кожнае Раство адзначаць толькі разам у маім родным мястэчку. У 1983 годзе я паступіў у ВНУ ў Мінск, але не было такога года, каб я быў на гэтыя два святы па-за домам. Гэта традыцыя, якую я б хацеў працягваць, і мы з Алесяй будзем яе працягваць.

— У якую вы паліклініку ходзіце, калі ходзіце ўвогуле?

— З 1983 года я ніколі не быў ні ў адной паліклініцы, не маю медыцынскай карткі. У мяне яшчэ ў школе была зламаная перагародка носа падчас гульні ў футбол, я пра гэта нават і не ведаў, тады толькі мне завялі нейкую картку. Але яна так і засталася. Я нікуды не хаджу. Спорт, добрае харчаванне, парадак з нервамі дапамагаюць захоўваць добры імунітэт.

— Вы бралі калі-небудзь крэдыт? Калі бралі, то на што?

— Я браў крэдыт, калі набываў кватэру. Але гэта быў нефармальны крэдыт. Не ў банку браў, а была такая пазыка. Цягам двух гадоў я яго аддаў і, па сутнасці, гэта была такая рэч, якая здараецца раз у жыцці. Больш я ніякіх пазыкаў не браў. Калі быў у бізнэсе — былі бізнэс-пазыкі. Да крэдытаў трэба вельмі асцярожна ставіцца, таму я прытрымліваюся прынцыпу: трэба жыць у адпаведнасці са сродкамі, якія ты атрымліваеш сёння.

— Распавядзіце анекдот, які першы прыйшоў у галаву.

— Гэта не анекдот, а такая прымаўка: “Нават калі вас з’елі — у вас ёсць два выйсці”. Гэта сведчыць пра тое, што няма крытычных для жыцця абставін, з якіх вы не маглі б выйсці. Усё адно: у кожнай сітуацыі шукай нейкае святло ў канцы тунэлю — і знойдзеш.



— Яраслаў Раманчук стаў прэзідэнтам. Ці застануцца на сваіх пасадах сённяшнія міністры, губернатары? Што зробіце з БРСМ і “Белай Руссю”?

— БРСМ і “Белая Русь”, калі гэта грамадскія арганізацыі, то няхай дзейнічаюць як грамадскія арганізацыі — а не як бюджэтныя псеўдаграмадскія арганізацыі. Такое паняцце, як дзяржаўная грамадская арганізацыя, перастане існаваць. Я не бачу ніводнага міністра, які б захаваў сваю пасаду. Усе яны страцяць пасады, бо яны належаць да каманды зусім іншага палітычнага і эканамічнага раскладу. Ёсць у маёй камандзе тыя людзі, якія добра ведаюць уладу, будуць у маёй камандзе людзі, якія сёння працуюць у розных органах дзяржаўнага кіравання. Не магу з відавочных прычынаў іх называць, але гэта людзі, якія, на мой погляд, з’яўляюцца высокімі прафесіяналамі, яны сумленныя патрыёты, яны проста хочуць, каб ім далі магчымасць працаваць. І працаваць так, як яны ведаюць і заслугоўваюць. Прызначаных губернатараў, прызначаных мэраў гарадоў пасля правядзення палітычнай рэформы ў Беларусі не будзе.

— А што будзе з міліцыяй?

— З майго пункту гледжання, рэформа сілавых структур павінна быць, але павінна праводзіцца пры актыўным узгадненні дэмакратычна абраным парламентам. Не так проста звольніць 30% альбо 50% міліцыянераў — трэба ведаць, што з імі рабіць. Мы створым працоўную групу з прыцягненнем экспертаў з краін Еўрасаюза, а таксама з Грузіі, і нашых структур — і распрацуем закон, які павінен прымаць не прэзідэнт: абгрунтоўваць і прымаць мусіць парламент, а потым падпіша прэзідэнт.

— Што вы можаце прапанаваць зрабіць, каб цэны на тавары пастаянна не раслі?

— Цэны, безумоўна, трэба лібералізаваць. Гэта тое, што ўжо зрабілі 90% краін. І яны маюць цэны значна ніжэйшыя за тыя, што ёсць у нашай краіне. Няма лепшага сродку знізіць цэны, як стварыць варункі адкрытай канкурэнцыі. Пры адкрытай канкурэнцыі кожны прадпрымальнік зможа альбо пастаўляць тавары з імпарту, альбо вырабляць іх у краіне, прывозіць іх з іншай вобласці ці раёна. Такім чынам, будзе ціск на вытворцаў, на гандаль, які вымушаны будзе канкураваць, рабіць зніжкі.

— Што будзем рабіць з нерэнтабельнымі прадпрыемствамі — закрыем?

— Я думаю іх прыватызаваць. Некаторыя прадпрыемствы мы проста можам аддаць працоўным гэтага прадпрыемства альбо мясцовым жыхарам, калі гэта невялікая фірма альбо заводзік. А буйныя стратныя прадпрыемствы трэба праводзіць праз конкурс, у якім будзе ўдзельнічаць як мага больш людзей. Адкрытая інфармацыя, адкрыты тэндэр, грошы паступаюць на рахунак пенсійнага фонду. Толькі так можна з імі паступаць.

— Сваё абяцанне стварыць 1 мільён новых працоўных месцаў выканаеце?

— Безумоўна, выканаем. Гэта праграма, якая пралічана, ёсць разлік таго, колькі могуць стварыць месцаў, да прыкладу, прадпрымальнікі ў нашай краіне. Мы здымем усе абмежаванні наконт наёму працаўнікоў прадпрымальнікамі, створым лепшы ў Еўропе бізнэс-клімат, будзем дазваляць замежным інвестарам ствараць тут прадпрыемствы. І што самае асноўнае: каб гэтыя грошы працавалі, трэба, каб Беларусь была краінай, адкрытай на расійскі рынак, на украінскі і на рынак Еўрасаюза.

— Што рабіць з алкагольнай праблемай: абмяжоўваць продаж, падвышаць кошты?

— Трэба павялічваць акцызы для вытворцаў і імпарцёраў алкаголю. Гэта будзе крыніца павелічэння даходаў бюджэту. І пры гэтым алкаголь стане менш даступны. Нельга штучна падтрымліваць на плаву дзяржаўных вытворцаў алкаголю — гэта абсурд, калі грошы падаткаплацельшчыкаў ідуць на падтрымку вытворцаў “чарніла”. Гэта амаральна, неэфектыўна, і такую практыку трэба ліквідаваць.

— Ці патрэбна Беларусі размеркаванне?

— Не патрэбна. Гэта сітуацыя, калі чалавек плаціць двойчы. Усе беларусы плацяць падаткі, і гэтыя падаткі ідуць на забеспячэнне вышэйшай адукацыі. Таму размеркаванне — гэта такая форма рабства. У сітуацыі, калі да 50% моладзі хацелі б назаўсёды пакінуць нашу краіну, мы не можам дазволіць сабе практыку, якая павялічвае рызыку уцёкаў мазгоў і рук з нашай краіны. Таму: не — размеркаванню, так — студэнцкаму самакіраванню і аўтаноміі ВНУ.



— Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць кватэру?

— Мы прапануем пабудаваць акадэмічныя інтэрнаты для маладых сем’яў і рабочых. З тым, каб можна было прыватызаваць адзін, а потым другі пакой. Потым закласці гэтыя пакоі ў якасці іпатэкі і ўзяць крэдыты на будаўніцтва сапраўднага жылля. Гэта старт, які сям’я альбо малады чалавек можа зрабіць ужо з 18-19 гадоў.

— Ці не стане жыццё горш, чым яно ёсць цяпер?

— Горш не будзе — будзе значна лепш. Для бюджэтнікаў, для пенсіянераў цэны будуць значна меншыя. Можа быць часовы рост цэнаў, бо сёння Нацбанк надрукаваў шмат грошай. Але калі мы рэалізуем усе свае праграмы, то на тую пенсію, якую сёння атрымліваюць пенсіянеры, яны змогуць набыць значна больш тавараў і паслуг, чым пры гэтай сістэме.

— Як вы зробіце, каб быў большым заробак?

— Больш заробак будзе тады, калі людзі, якія ствараюць месцы працы, змогуць рабіць гэта хутчэй, плаціць менш падаткаў і прадаваць свае тавары не толькі на рынак Беларусі, але і суседніх краін. І працаваць на новым абсталяванні. Усё гэта мы зробім. Таму я лічу, што праз 5 гадоў у Беларусі сярэдні заробак будзе 600-650 долараў рэальных грошай.

— Ці будзеце вы прыцягваць сваіх жонак да вялікай палітыкі і ў якім выглядзе?

— Я супраць таго, каб сваякі працавалі на дзяржаўных пасадах, нейкім чынам звязаных з пасадай прэзідэнта. Напрыклад, не могуць мая жонка, мае сябры, мая маці працаваць маімі намеснікамі, міністрамі, бо гэта аснова для карупцыі. Мая Алеся — вельмі таленавітая дзяўчына. Яна знойдзе сябе ці ў бізнэсе, ці ў выкладанні альбо ў аналітычнай працы. І я думаю, што спрабаваць усунуць яе ў нейкую дзяржаўную структуру — гэта супярэчыць маім прынцыпам і супярэчыць яе планам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі