Са столі Парыжскай оперы патрабуюць прыбраць фрэскі Марка Шагала

Фрэскі Марка Шагала ў французскай оперы / artchive.ru
Фрэскі Марка Шагала ў французскай оперы / artchive.ru

Спадчыннікі французскага мастака Жуля-Эжэна Ленэвё патрабуюць прыбраць са столі Парыжскай оперы фрэскі Марка Шагала, расказвае тэлеканал BF MTV. Шагал абнаўляў купал Парыжскай оперы ў 1964 годзе, а да гэтага амаль сто гадоў столь упрыгожвалі працы Ленэвё.

"Мы просім, каб мы маглі, нарэшце, убачыць столь, якую Ленэвё распісаў у 1875 годзе", — кажа адвакат праваўладальнікаў і заснавальнік "Асацыяцыі сяброў Ленэвё".  Паводле яго, фрэскі Шагала планавалі як здымную канструкцыю. Тэлеканал адзначае, што праца Шагала сапраўды здымная. Яна напісаная на панэлях з поліэфірнай смалы. Больш за тое, гэтую працу раней актыўна крытыкавалі за адыход ад класіцызму, які ўласцівы французскай оперы.

Спадчыннікі Ленэвё маюць намер нават сабраць мітынг у пачатку траўня, каб пераканаць Міністэрства культуры Францыі і кіраўніцтва оперы вярнуць першапачатковы выгляд столі. Аднак шанцаў у іх, мяркуючы з усяго, няшмат. Ідэя дэмантажу працы Шагала, "якая з'яўляецца вельмі сімвалічным элементам Гранд-оперы, выклікала б сур'ёзныя пытанні і не стаіць на парадку дня", кажа намеснік генеральнага дырэктара Парыжскай оперы Марцін Айдары.

Ленэвё таксама распісваў тэатр у Анжэ, а серыя яго работ, прысвечаных жыццю і дзейнасці Жанны д'Арк, упрыгожвае парыжскі Пантэон.

С потолка Парижской оперы требуют убрать фрески Марка Шагала
Праца Жуля-Эжэна Ленэвё, прысвечаная Жанне д'Арк / wikipedia.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі