Санкцыі супраць Расіі могуць з часам адбіцца і на Беларусі

ЗША ўвялі сектаральныя санкцыі супраць расійскіх кампаній. У пашыраны спіс уключаныя расійскія кампаніі нафтагазавага сектара "Новатэк", "Роснефть", "Внешэкономбанк", “Газпрамбанк”. Два апошнія маюць даччыныя банкі ў Беларусі. Ці адаб’юцца амерыканскія санкцыі супраць Расіі на нашай краіне?

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што могуць узнікнуць невялікія тэхнічныя праблемы, але ўсё залежыць ад таго, як амерыканскі бок будзе гэтыя санкцыі выконваць.

Леанід Заіка: "Усё залежыць ад разумення таго, што ёсць палітыка, і ад умення не змешваць палітыку і нацыянальныя інтарэсы. Тут наўпрост ніхто не адкажа. Фармальна гэтыя банкі беларускія, яны базуюцца ў Беларусі, а тое, што там нейкі капітал, ну, давайце разбірацца".

Заіка ўпэўнены, што не пацерпіць ад санкцый і беларуская АЭС, крэдыт на будаўніцтва якой выдае расійскі “Знешэканомбанк”, што таксама трапіў пад санкцыі.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што санкцыі дакладна нанясуць удар па расійскай эканоміцы. А на беларускай гэта можа адбіцца з часам.

"З улікам таго, што Расія найбуйнейшы для нас знешні рынак збыту, гэта адаб'ецца на беларускай эканоміцы, але з пэўным часавым лагам. Асобнае пытанне, як гэта можа адбіцца на дочках расійскіх банкаў, а гэта “Газпрамбанк” і “БелВЭБ”".

Санкцыі забараняюць гэтым расійскім банкам прыцягваць фінансаванне на тэрмін, большы за 90 дзён, на амерыканскім рынку.

Вадзім Іосуб: "Я ўпэўнены, што беларускія дочкі гэтых банкаў на амерыканскім рынку грошы не прыцягваюць. І таму тут шкода таксама можа быць апасродкаванай. У расійскіх банкаў узнікаюць праблемы з фінансаваннем, а беларускія акурат фінансуюцца за кошт маскоўскіх мацярынскіх кампаній".

Таму калі ў маскоўскіх банкаў не будзе хапаць сродкаў, то з часам яны могуць зменшыць капіталізацыю сваіх беларускіх даччыных аддзяленняў, і ў будучыні могуць з'явіцца праблемы.

Што да санкцый супраць вайсковых прадпрыемстваў, то гэта на руку Беларусі, мяркуе Леанід Заіка.

"Таму што Беларусь у гэтым выпадку атрымае магчымасць больш цесна супрацоўнічаць з Расіяй".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі