Саюз журналістаў Расіі заклікаў вызваліць Генадзя Мажэйку

Саюз журналістаў Расіі заклікаў вызваліць Генадзя Мажэйку

Журналісту газеты "Камсамольская праўда ў Беларусі" Генадзю Мажэйку не выставілі абвінавачанні ў тэрарыстычнай або якой-небудзь іншай злачыннай дзейнасці, таму ён павінен быць вызвалены. Пра гэта заявіў сакратар Саюза журналістаў Расіі (СЖР) Цімур Шафір.

"Наколькі мы ведаем, яму не выстаўляліся абвінавачванні, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасцю, са злачыннай нейкай дзейнасцю, з чаго мы можам меркаваць, што ён затрыманы па прычыне сваёй прафесійнай дзейнасці, па прычыне матэрыялаў, якія ён рыхтаваў для свайго выдання, гэта значыць, па факце за тое, што ён з'яўляецца журналістам і выконвае свае журналісцкія абавязкі", — цытуе ТАСС словы Шафіра.

Прадстаўнік СЖР падкрэсліў, што праца журналіста не з'яўляецца злачынствам "і не можа служыць прычынай для яго затрымання".

Дарэчы, афіцыйны Саюз журналістаў Беларусі паведаміў толькі, што "ўважліва сочыць за хадой працэсуальных дзеянняў".

Як паведамлялася раней, Генадзя Мажэйку затрымалі, верагодна, у другой палове дня 1 кастрычніка. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна. Дома ў яго адбыўся ператрус. У пастанове былі пазначаныя два крымінальныя артыкулы —  "распальванне варожасці" і "абраза прадстаўніка ўлады".

Імя Мажэйкі стаяла пад артыкулам у "КП у Беларусі", дзе распавядалася пра загінулага ў перастрэлцы з кадэбістамі Андрэя Зельцэра. Пасля выхаду гэтага артыкула сайт выдання быў зачынены беларускімі ўладамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі