Шэрагу беларускіх журналістаў адмоўлена ў акрэдытацыі на Алімпіяду

Трыумфальная арка ў чаканні Алімпіяды ў Парыжы

Трыумфальная арка ў чаканні Алімпіяды ў Парыжы / sport-olimpijski.pl

Шэрагу журналістаў з Беларусі, Расіі і іншых краін адмоўлена ў акрэдытацыі на Алімпіяду ў Парыжы. Французскія ўлады палічылі, што яны могуць працаваць на спецслужбы, піша "Спутнік".

"Менш за сотню анкет мы адхілілі праз падазрэнні у тым, што яны з'яўляюцца агентамі — шпіёнамі альбо інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшальніцтва ў Гульні", — заявіў кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманен.

Ён кажа, што такім чынам улады ўжываюць "прынцып перасцярогі", каб прадстаўнікі шэрагу замежных дзяржаў не змаглі атрымаць доступ да камп'ютарных сетак і здзейсніць кібератаку.

Да пачатку Алімпійскіх гульняў французскія ўлады правяраюць усіх удзельнікаў — ад валанцёраў і разносчыкаў вады да спартсменаў і трэнераў. Па выніках 960 тысяч расследаванняў ужо адсеяна 4340 чалавек. Некаторых палічылі пагрозай нацыянальнай бяспецы, у іншых знайшлі сувязі з радыкаламі.

"Сярод "патэнцыйна небяспечных асоб" — 257 радыкальных ісламістаў, 181 член ультралевых і 95 членаў ультраправых", — заявіў міністр.

Алімпіяда ў Парыжы стартуе 26 ліпеня. Беларусь на ёй прадставяць 17 спартсменаў. Але яны будуць выступаць у нейтральным статуце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі