Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы

Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы

Еўрарадыё звязалася з былым намеснікам генпракурора Аляксандрам Архіпавым і былым кіраўніком Чашніцкага райвыканкама Уладзімірам Булаем. Абодва экс-чыноўнікі нечакана ўзначалілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Хоць яшчэ нядаўна Архіпаў знаходзіўся ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыю. А летась у верасні паведамлялі пра затрыманне за злоўжыванні Уладзіміра Булая.

Многія палічылі, што прызначэннем у калгасы экс-чыноўнікаў пакаралі, маўляў, замест няволі дазволілі загладзіць вінаватасць працай у калгасе.

Уладзімір Булай паразмаўляў з Еўрарадыё вельмі сцісла, паведаміў пра сваю занятасць і больш трубку не здымаў.

“Ці знятыя з вашага мужа падазрэнні?” — цікавімся ў Надзеі Булай, жонкі апальнага экс-старшыні райвыканкама.

“Гэта знятае, я вам кажу дакладна. Наконт астатняга, вы мяне выбачце, я не магу пра гэта размаўляць”.

Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы
Уладзімір Булай разам са сваёй жонкай

Крыніца ў ідэалагічных колах Віцебшчыны распавядае Еўрарадыё, што мала хто ведае дакладна, чаму Уладзімірам Булаем зацікавіліся праваахоўнікі.

“Адна з чутак была, што карыстаўся паслугамі прадпрыемстваў, каб зладзіць вяселле сыну, браў нейкія прадукты. Але ці праўда гэта? Мясцовыя жыхары ставяцца да яго па-рознаму. Адны паважаюць, памятаючы яго бацьку, іншыя лічаць, што разваліў папярэдні калгас. Але ўсе гэтыя абмеркаванні — на ўзроўні чутак”, — кажа крыніца.

Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы
Булай на вяселлі ў старэйшага сына

Як бы там ні было, праца на чале сельгаспрадпрыемства “Кляновічы” для Булая — справа не новая. А вось юрыст Аляксандр Архіпаў да працы ў полі ніколі дачынення раней не меў.

Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы

“Няма нічога, што нельга спазнаць і вывучыць. Трэба папрацаваць, а потым ужо абмяркоўваць узровень прадпрыемства”, — адказвае Архіпаў Еўрарадыё.

Падначаленыя Аляксандра Міхайлавіча распавядаюць пра тое, што за справу іх новы шэф узяўся надзвычай грунтоўна. Каб падняць прадпрыемства “Пятровічы” ён і многія іншыя работнікі пакуль працуюць без абеду.

Сваё нечаканае вызваленне Архіпаў тлумачыць проста і запэўнівае, што новае прызначэнне пакараннем не лічыць.

“Не, не і яшчэ раз не. Любы чалавек можа звярнуцца да кіраўніка дзяржавы ў адпаведнасці з законам. Кіраўнік дзяржавы можа памілаваць любога асуджанага, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі і не толькі. Гэта было маё асабістае жаданне, пайсці працаваць і прыносіць карысць нашай дзяржаве, не важна, на якім участку. З мяне карона не ўпадзе, дзе б я ні працаваў”, — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Міхайлавіч.

Што кажуць топ-чыноўнікі, якіх замест турмы адправілі ў калгасы

Еўрарадыё пацікавілася лёсам яшчэ аднаго экс-чыноўніка — былога старшыні Рагачоўскага райвыканкама Сяргея Якаўлева. Пра яго затрыманне за магчымую карупцыю праваахоўнікі паведамілі ў верасні. Справа адбывалася ў той жа час, калі пад раздачу трапіў Уладзімір Булай.

Можа быць, Якаўлева таксама накіравалі кіраваць калгасам?

“Чуткі, што нешта такое можа быць, хадзілі. Але на дадзены момант пра нейкія новыя прызначэнні мы не чулі. Нам самім гэта вельмі цікава”, — прызнаецца Еўрарадыё крыніца з ідэалагічных колаў Рагачова.

Пра лёс Якаўлева, як абяцаюць у Следчым камітэце, стане вядома неўзабаве.

Фота slova.by і са старонак у сацыяльных сетках Аляксандра Архіпава і Надзеі Булай 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі