Што можа прымусіць кіраўніка МУС пайсці ў адстаўку
Непрыемнасцяў у беларускай міліцыі заўсёды было дастаткова, але апошнім часам іх стала зусім шмат. Пры гэтым затрыманні тых, хто "размахвау рукамі" ды разгон акцыі на Дзень Волі можна не ўлічваць. "Касякоў" хапае і без гэтага.
26 лістапада 2016 года, дарога Баранавічы-Ляхавічы. П'яны кіроўца за некалькі метраў ад пешаходнага перахода насмерць збівае жанчыну. Патруль ДАІ затрымлівае парушальніка і пазнае ў ім... начальніка Андрэя Валкавыцкага.
8 студзеня 2017, супрацоўнік міліцыі выносіць з будынка Галоўнага упраўлення ГУБАЗіК амаль 270 тысяч долараў, якія за тыдзень да гэтага былі канфіскаваныя па справе нелегальнага візавага цэнтра. Выносіць, з'язджае спачатку ва Украіну, потым у Румынію. Адтуль спрабуе перабрацца ў ЗША, але няўдала ― затрымліваюць па запыце Беларусі. Затрымліваюць і... адпускаюць. Бо беларускі міліцыянт ужо мае румынскае грамадзянства.
22 красавіка 2017 года. Супрацоўнікі ДАІ разам з калегамі з Галоўнага упраўлення унутранай бяспекі МУС і Упраўлення ідэалагічнай працы УУС аблвыканкама ля вёскі Галева спыняюць аўтамабімль. За рулём ― п'яны... начальнік Столінскага РУУС.
Скандалы. Пакуль яны маюць наступствы толькі для сваіх герояў. Кіраўніцтва беларускай міліцыі альбо адмоўчваецца, альбо сціпла называе здарэнні "ганьбай для мундзіра". 21 лютага міністр Шуневіч атрымаў персанальную падзяку ад Лукашэнкі за "узорнае выкананне службовых абавязкаў і дасягненне значных вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці". Еўрарадыё пацікавілася, пасля чаго падавалі ў адстаўку кіраўнікі МУС суседніх і больш далёкіх краін. Аказваецца, там ёсць куды менш важныя прычыны.
Літва
Лістапад 2015 года. Кіраўнік МУС краіны Саўлюс Скверняліс падае ў адстаўку пасля таго, як затрыманы паліцыяй злачынца ўцёк з'пад варты, забраўшы аўтамат у аднаго з канваіраў. Скверняліс паведаміў, што сыходзіць "перад агульнай глабальнай пагрозай дзеля грамадскіх інтарэсаў і стабільнасці ў краіне". Перад адстаўкай з крытыкай кіраўніка МУС выступілі прэзідэнт краіны і спікер Сейма Ларэта Граўжынене, якая абвінаваціла міністра ў тым, што ў вечар ўцёкаў затрыманага Скверняліс спаў і не адразу выйшаў на сувязь.
Латвія
Люты 2011 года. Старшыня МУС Лінда Мурніеце падала ў адстаўку пасля таго, як некалькі супрацоўнікаў спецпадраздзялення "Альфа" разам з былымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў паспрабавалі здзейнісць узброенае абрабаванне ў горадзе Екабпілсе. Мурніеце вырашыла напісаць заяву аб сыходзе пасля таго, як прадстаўнікі апазіцыі абвінавацілі ў падзеях яе асабіста.
Польшча
Чэрвень 2011 года. Падае ў адстаўку кіраўнік Генштаба паліцыі Польшчы. Прычына ― уцечка інфармацыі аб арганізацыі саміта НАТА ў Варшаве. Перад самітам Генштаб разаслаў у электронным выглядзе план забеспячэння бяспекі саміта на некалькі дзесяткаў адрасоў. Лісты забыліся зашыфраваць, што каштавала пасады галоўнаму паліцэйскаму краіны.
Румынія
Верасень 2016 года. Кіраўнік МУС Петрэ Тоба падае ў адстаўку пасля таго, як у СМІ трапляе інфармацыя пра карупцыйны скандал у Міністэрстве. Тоба адмовіўся прадаставіць у пракуратуру звесткі аб фінансавых выплатах некаторым са сваіх падначаленых. Генеральная пракуратура Румыніі падазравала, што падначаленыя Тобы незаконна атрымалі такім чынам "дзясяткі тысяч долараў".
Украіна
Лістапад 2016 года, у адстаўку сыходзіць старшыня Нацыянальнай паліцыі Хація Дэканаідзэ. Прычына ― адсутнансць паўнамоцтваў для правядзення "шматлікіх неабходных зменаў" у дзеянні органа. Кабмін звольніў грузінку праз два дні пасля яе заявы.
Францыя
Сакавік 2017 года. Міністр Бруна Ле Ру напісаў заяву пасля скандалу з працаўладкаваннем яго дачок. Высветлілася, што ў 2009 годзе, калі Ле Ру быў дэпутатам ніжняй палаты парламента Францыі, ён прызначыў дачок сваімі памочніцамі. На той момант ім было па 15 і 16 гадоў, за перыяд іх працаўладкавання дзяржава выплаціла дочкам Ле Ру 55 тысяч еўра. Пры гэтым Ле Ру фармальна не парушыў заканадаўства краіны, якое дазваляе французам наймаць на працу сваіх непаўналетніх родзічаў.