Што Мядзведзеў напісаў пра перамовы з Румасам пра інтэграцыю
24 траўня ў Маскве прайшлі перамовы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса і кіраўніка расійскага ўрада Дзмітрыя Мядзведзева. Галоўнай тэмай былі пытанні інтэграцыі Беларусі і Расіі. У пачатку сустрэчы Румас адзначыў, што пазіцыі бакоў у пытанні інтэграцыі сыходзяцца толькі на 70 %. "І сёння хацелася б па 30 %, якія засталіся, зразумець, у чым у нас адрозненні і якія развязкі ёсць", — сказаў беларускі прэм'ер.
Па выніках сустрэчы Сяргей Румас заявіў, што дасягнута дамова да 21 чэрвеня 2019-га падрыхтаваць "праграму дзеянняў па інтэграцыйным узаемадзеянні ў Саюзнай дзяржаве [Беларусі і Расіі]". Займацца гэтым будзе сумесная беларуска-расійская працоўная група, інфармуе БелТА. Чаму 21 чэрвеня? Таму што гэта дата адкрыцця ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў. Румас запрасіў на іх Мядзведзева, і ён прапанову прыняў. Таму падчас візіту расійскага прэм'ер-міністра ў Беларусь перамовы працягнуцца.
Дзмітрый Мядзведзеў адразу пасля перамоваў змясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку здымак, на якім ён з Сяргеем Румасам. Расійскі прэм'ер піша: "Сустрэча з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам. У парадку дня перамоваў сёння і бягучыя, часам няпростыя для абмеркавання тэмы, і стратэгічныя пытанні. У прыватнасці, па нашым узаемадзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы".