Што рабіць, калі міліцыя вас затрымала за фатаграфаванне будынка
Мінскага фатографа пратрымалі 4 гадзіны ў пастарунку за фота будынка Акадэміі навук, юрыст называе сітуацыю як мінімум дзіўнай.
Супрацоўнік газеты “Камсамольская праўда” і фатограф-аматар Дзмітрый Ласько вечар 26 лютага правёў у Першамайскім РУУС Мінска. Фатаграфаваў новую падсветку будынка беларускай Акадэміі навук і нечакана даведаўся, што гэтага рабіць нельга.
“Ахоўнік сказаў мне, што забаронена здымаць і выклікаў міліцыю. Ён не спасылаўся ні на які дакумент. Проста заявіў, што забаронена здымаць. Выклікаў міліцыю. Яна адразу прыехала, маладыя хлопцы патрульныя. Сказалі мне, што здымаць забаронена, і павезлі ў пастарунак. Пытаюся ў іх, чаму, які дакумент? Адказалі, што не ведаюць, які дакладна. Але выйшаў ён літаральна нядаўна, падпісаў міністр унутраных спраў. Зараз паедзем, пазнаёмімся з ім”, — расказвае Дзмітрый.
За гэты здымак Дзмітрый Ласько правёў 4 гадзіны ў пастарунку
У пастарунку Ласько правёў 4 гадзіны — затрымалі яго на пачатку 9-ай, выпусцілі на пачатку 1-ай ночы. Тэкст таямнічай пастановы фатографу так і не паказалі. Сказалі толькі, што яна падпісаная асабіста міністрам і зрабіў ён гэта 25 лютага. То бок за дзень да затрымання Ласько. У фатографа перапісалі рэчы, склалі пратакол і адпусцілі. Пры гэтым здымкі не выдалялі, копій складзеных аб затрыманні дакументаў не далі. Хлопец скаргаў на дзеянні міліцыі пісаць пакуль не збіраецца. Кажа, што сабе даражэй. Але чакае, што журналісты высветляць, у чым справа.
Каментарый Акадэміі навук
Еўрарадыё датэлефанавалася да начальніка Упраўлення рэжымнымі аб’ектамі Акадэміі навук Рыгора Негадзевіча. Ён пра забарону фатаграфаваць Акадэмію навук нічога не ведае:
“Я лічу, што тут нічога такога няма, калі фатограф насамрэч хацеў убачыць ілюмінацыю. Але гэта дзеянні міліцыі. Магчыма, яны нешта ўбачылі падазронае ў ім”, — кажа Негадзевіч.
Каментарый юрыста
Юрыст Тамара Сідарэнка мяркуе, што забараніць фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў наўрад ці магчыма. На яе думку, затрымаўшы Дзмітрыя Ласько, міліцыя перавысіла свае паўнамоцтвы:
“Я думаю, што такая пастанова наўрад ці прынятая. І яна не магла пачаць дзейнічаць з дня прыняцця. А ўвогуле, гэта абмежаванне свабоды чалавека. Будынак Акадэміі навук — гэта звычайны адміністратыўны будынак. Яго фота не пагражаюць нікому. Такія абмежаванні недапушчальныя ў звычайным нармальным дэмакратычным грамадстве. І па міжнародных дакументах таксама. У прыватнасці, па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. То бок, я лічу, што у дадзеным выпадку міліцыя перавысіла паўнамоцтвы”.
На думку Тамары Сідарэнкі, у гісторыі Дзмітрыя Ласько можна знайсці нават тры факты парушэнняў: чалавека трымалі больш за тры гадзіны, не далі з сабой копіі пратакола, альбо нейкага іншага пісьмовага тлумачэння, і увогуле — затрымалі за банальнае фатаграфаванне будынка.
Каментарый міліцыі
Усе тэлефоны прэс-службы МУС 27 лютага маўчаць — афіцыйны каментарый ведамства атрымаць не ўдалося. Як паведамляе “Камсамольская праўда” са спасылкай на намесніка начальніка Першамайскага РУУС Юрыя Баранава, дакумент аб забароне фатаграфавання некаторых будынкаў у Мінску насамрэч існуе. Але гэта не Пастанова, а Указанне. Падпісаў яго намеснік міністра Мікалай Мельчанка і змест яго прызначаны для унутранага карыстання, тычыццца забарона будынкаў некаторых дзяржаўных органаў. Якіх канкрэтна, у міліцыі не расказваюць.
Што рабіць, калі вас затрымліваюць за фатаграфаванне
Юрыст Тамара Сідарэнка настойліва раіць патрабаваць копію пратакола аб затрыманні, альбо іншае дакументальнае пацверджанне з тлумачэннем прычын. Толькі маючы гэтыя дакументы можна будзе абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Калі атрымаецца, вядома. Трымаць у пастарунку вас могуць не больш за тры гадзіны — больш, толькі пасля пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, пасля чаго абавязковы суд. Выдаляць вашы фота і забіраць фотаапарат міліцыянты без складання пратакола таксама не маюць права. І самае галоўнае — не размахваць рукамі падчас размоваў з міліцыяй.