Што рабіць з іпэшнікамі. Меркаванні кандыдатаў
Матэрыял з серыі “актуальнае пытанне кандыдату ў прэзідэнты”. Патрабаваць сертыфікаты на прадукцыю ў прадпрымальнікаў, альбо не?
Кожнаму з кандыдатаў задавалі адно і тое ж пытанне.
Таццяна Караткевіч
“Я акурат выступаю за тое, каб усе такія пастановы, як гэтая (аб абавязковай сертыфікацыі тавараў іпэшнікамі — Еўрарадыё), каб іх не было. Таму што наша задача — даць развіццё прыватнаму прадпрымальніцтву. А такія абмежаванні прывядуць да таго, што прадпрымальнікі будуць зачыняць свой бізнес, а працоўныя месцы — скарачацца”.
Сяргей Гайдукевіч
“Калі я быў у Палаце прадстаўнікоў, я казаў, што трэба з усім гэтым змагацца. Не так, што там прыціснулі, там прыціснулі, там не дазволілі, а павінна быць комплексная праграма ўраду. Яна павінна уключаць у сябе комплекс складнікаў. 10 альбо 15. Яны павінны вырашаць, як быць з гандлем дзяржаўным і прыватным. Як гэта ўсё ў адзіны тарыф уключыць. Гэта трэба проста папрацаваць”.
Мікалай Улаховіч
“Як кандыдат у прэзідэнты, я павінен сказаць, што гэта ўсё не патрэбнае. Трэба вызваліць 250 тысяч прадпрымальнікаў ад сертыфікацыі. І хай яны сабе на здароўе гандлююць. А вось з пункту гледжання таго, што нам прывязуць цацкі з Кітая, якія будуць забракаванымі. А там жа, прабачце, камерсанты, у якіх сумлення няма. Вось прывязуць, і нашы дзеці будуць гуляць з цацкамі, якія не прайшлі сертыфікацыю? Я супраць гэтага”.
Аляксандр Лукашэнка
“З 1 студзеня 2016 года ўсе будуць працаваць у роўных умовах. Больш адтэрміноввак не будзе. Ніякія просьбы: “Дайце нам распрадаць, дайце нам большы падатак”, — гэтага не будзе. Усе ў роўных умовах. І так вам робім вельмі вялікую саступку. Да цывілізаванай формы трэба ісці. Гэта ненармальна, калі мы без дакументаў сумкамі гэтымі возім сюды тавар”.