Што такое буферная зона Палескага запаведніка, чаму яе прыбралі і што зменіцца

Што такое буферная зона Палескага запаведніка, чаму яе прыбралі і што зменіцца

27 ліпеня Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 259 скасаваў ахоўную (яе яшчэ называюць буфернай) зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Яна была створаная ў 2014 годзе для таго, каб затрымліваць распаўсюджванне радыяцыі за межы запаведніка. Буферная зона ўяўляла сабой паласу шырынёй да аднаго кіламетра і праходзіла праз палі, лясы, вёскі шасці раёнаў Гомельскай вобласці.


У гэтай зоне забаранялася сеяць некаторыя сельскагаспадарчыя культуры, маўляў, яны правакуюць дзікіх жывёл на выхад з запаведніка, а яшчэ паляваць, лавіць рыбу для прамысловых мэтаў (лавіць рыбу было можна толькі для сябе), секчы лес.

Цяпер усе забароны адмяняюцца. Паводле слоў старшыні аховы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Пятра Верамейчыка, у першую чаргу ў адмене былі зацікаўленыя калгасы, бо буферная зона праходзіла ў тым ліку і “па ўрадлівых і чыстых землях":

"Насамрэч, усе гэтыя палі былі чыстымі, іх правяралі на радыяцыю, і да 2014 года яны належалі калгасам. Яны і засталіся ў межах калгасаў, але апроч травы на іх нельга было нічога сеяць. Там пасвілі жывёлу. Але на траву і зубр можа выйсці ― яго ж не прывяжаш! Ну, вось калгасы і пачалі біць трывогу, што падае вытворчасць, што самыя лепшыя пладародныя землі забралі".

Што такое буферная зона Палескага запаведніка, чаму яе прыбралі і што зменіцца
Калгаснае поле каля вёскі Губарэвічы Гомельскай вобласці

Праўда, як заўважылі журналісты Еўрарадыё, якія некалькі дзён правялі ў Палескім запаведніку, на некаторых участках ахоўнай зоны ўжо ва ўсю красуе кукуруза, якую забаронена вырошчваць! Наш суразмоўца Пётр узгадвае нядаўні прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў запаведнік ― тады кіраўнік краіны заявіў, што частку зямель неабходна пазбавіць запаведнага статусу і больш актыўна выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах.

"Калі расце кукуруза, відаць, прэзідэнт дазволіў усё гэта пасеяць, бо калі ў нас быў, то сказаў, што адменіць забароны, ― разважае Пётр. ― Яно ўсё да гэтага ішло, бо лісты даўно пачалі пісаць і выходзіць на ўзровень адміністрацыі прэзідэнта".

Што такое буферная зона Палескага запаведніка, чаму яе прыбралі і што зменіцца
Кукурузнае поле каля КПП "Навасёлкі"

Тым часам навіна пра скасаванне ахоўнай зоны становіцца рэзананснай. У сацсетках і на форумах людзі выказваюць перасцярогі, што заражаная радыяцыяй прадукцыя трапіць у крамы, што справакуе яшчэ большую хвалю захворванняў на рак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі