Шуневіч: у МУС знайшлі крыніцы ўцечкі інфармацыі, вінаватых звольняць
Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, які сёння, 10 чэрвеня, падаў у адстаўку, заявіў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што ў МУС знайшлі тых супрацоўнікаў, якія "злівалі" інфармацыю з унутраных зводак у телеграм-каналы. Паводле яго слоў, зрабіць гэта было досыць складана, "улічваючы развіццё сучасных тэхналогій перадачы інфармацыі, месенджараў і гэтак далей".
Усе вінаватыя ва ўцечках супрацоўнікі МУС устаноўлены і будуць звольненыя з органаў, перадае словы міністра БЕЛТА. "Меры ўжо прынятыя для таго, каб мінімізаваць гэты працэс", — сказаў Шуневіч.
Разам з тым сёння ў телеграм-каналах з'явілася інфармацыя пра самагубства 45-гадовага афіцэра, які працаваў у Ленінскім РУУС Мінска. Пацверджання яна пакуль не атрымала.