Сівіцкі: Беларусь, як і Узбекістан, сутыкнецца з праблемай транзіту ўлады

Сівіцкі: Беларусь, як і Узбекістан, сутыкнецца з праблемай транзіту ўлады

Следам за паведамленнем аб хваробе прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава з’явіліся чуткі і пра яго смерць. Што далей будзе адбывацца ў гэтым рэгіёне, як будзе праходзіць перадача ўлады ў выпадку смерці Карымава, ці могуць падзеі ва Узбекістане нейкім чынам паўплываць на Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні ў студыю Еўрарадыё прыйшоў кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Цалкам размову з Арсеніем Сівіцкім можна паслухаць:

Лепшыя цытаты з размовы:

Падзеі ва Узбекістане цікавыя Беларусі тым, як там будзе адбывацца так званы працэс “транзіту ўлады”. Ці не прывядзе гэта да калапсу грамадства і дзяржавы? Бо ўсе разумеюць, што рана ці позна, але і наша краіна з гэтым працэсам “транзіту ўлады” вымушаная будзе сутыкнуцца.

Дэмакратычных традыцый перадачы ўлады ва Узбекістане не існуе. Сёння ў гэтай краіне асноўным палітычным і эканамічным гульцом з’яўляецца Служба нацыянальнай бяспекі. І таму наступным прэзідэнтам будзе той кандыдат, які атрымае падтрымку Службы нацбяспекі. Дакладней, кіраўнік гэтай службы і будзе вырашаць, хто будзе наступным прэзідэнтам.

Калі сілавікі ў асобе кіраўніка Службы нацбяспекі вырашаць падтрымаць у якасці прэтэндэнткі ў прэзідэнты дачку Іслама Карымава Гульнару, гэта будзе азначаць паварот краіны да лібералізацыі.

Момантам перадачы ўлады ва Узбекістане паспрабуюць скарыстацца радыкальныя ісламісцкія групоўкі, павялічваецца пагроза тэрарыстычных актаў.

Асноўным гандлёва-эканамічны партнёрам Узбекістана ў апошнія гады стаў Кітай, які здолеў нават выціснуць Расію. І цяпер там будзе ўзрастаць канкурэнцыя за ўплыў на Узбекістан паміж Кітаем, Расіяй і радыкальнымі ісламісцкімі групоўкамі.

Лічыцца, што ў кіраўніка Службы нацбяспекі Узбекістана шчыльныя стасункі са спецслужбамі Расіі, а прэм’ер-міністр гэтай краіны — прарасійскі чалавек. Калі гэтыя сілы перамогуць на выбарах, то Узбекістан будзе павялічваць узровень адносінаў з Расіяй.

Відавочна, у краіне, дзе шмат гадоў кіруе адзін чалавек, павінна быць створаная нейкая інфраструктура, якая здзейсніць перадачу ўлады мірным шляхам, каб падчас гэтай перадачы не дапусціць крызісных сітуацый і грамадзянскай вайны. Хоць лідар Беларусі і даволі малады, але пра гэта трэба заўсёды думаць. Адсутнасць такіх механізмаў заўсёды прыводзіць да канфліктаў.

За ўсім, што адбываецца ва Узбекістане, Беларусі варта сачыць збоку, ні ў якім разе і ніякім чынам не ўмешвацца і — рабіць для сябе высновы. 

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі