“За час кіравання Карымава Узбекістан стаў феадальнай краінай”
У суботу, 27 жніўня, 78-гадовы кіраўнік Узбекістана Іслам Карымаў быў шпіталізаваны з кровазліццём у мозг. Некаторыя блізкія да ўладаў крыніцы і СМІ нават паведамілі пра яго смерць, што пасля абвяргалася мясцовым афіцыёзам.
Праваабаронцы называюць кіраўніка гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны адным з найбольш жорсткіх дыктатараў сучаснасці. Яго ставяць у адзін шэраг з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам і прэзідэнтам Зімбабвэ Робертам Мугабэ.
Іслам Карымаў — адзін з нешматлікіх лідараў краін былога СССР, якія кіруюць з савецкіх часоў. Ва Узбекістане нельга быць прэзідэнтам больш за 2 тэрміны, але некалькі рэферэндумаў дазволілі яму нязменна кіраваць амаль 27 гадоў.
Пра тое, што чакае Узбекістан, калі Карымаў не здолее больш кіраваць краінай, ці ёсць у яго пераемнікі і як зменіцца геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне, Еўрарадыё расказвае ўзбекская незалежная журналістка, галоўны рэдактар сайта centre1.com Галіма Бухарбаева.
“Любы грамадзянін Узбекістана — уласнасць дзяржавы”
За 27 гадоў карымаўскага кіравання Узбекістан ператварыўся ў феадальную дзяржаву, мяркуе журналістка. Уся эканоміка застаецца планавай і заснаваная на продажы сыравіны. Галоўны прадукт краіны — бавоўна. Усё насельніцтва пачынаючы са жніўня ператвараецца ў “бавоўна-рабоў”.
“Вось мне і сёння распавядаюць праваабаронцы, што медыкі ў Ташкенце збіраюць грошы на тое, каб урад мог наняць працоўных для збору бавоўны, калі яны самі не хочуць рабіць гэта. Калі ўраджай будзе заставацца на палях, іх усё адно могуць пагнаць “на бавоўну”. Гэта сведчыць пра тое, што любы грамадзянін Узбекістана — проста ўласнасць дзяржавы”, — тлумачыць журналістка.
“Я не ведаю нават, які голас у прэм’ера. Па тэлевізары яго ніколі не паказвалі. У нас быў толькі адзін прэзідэнт Карымаў, які мае права выходзіць і прамаўляць”
Яшчэ да 1993 года ўся апазіцыя ў краіне была задушаная і разагнаная. З тых часоў ва Узбекістане не праводзіліся свабодныя выбары. У апошніх двух удзельнічала вельмі шмат кандыдатаў, але яны баяліся нават сказаць, што збіраюцца стаць прэзідэнтамі.
Меркаванні, якія выказваюцца ў заходніх СМІ, што пераемнікамі цяпер могуць стаць прэм’ер-міністр Шаўкат Мірзіяеў або віцэ-прэм’ер Рустам Азімаў, Галіма называе спекуляцыяй.
“Ніякіх сур’ёзных падставаў лічыць іх пераемнікамі няма. Яны проста бачныя. Вялася вельмі жорсткая барацьба паміж дочкамі Карымава Гульнарай і Лолай. І Гульнара, як вядома, ужо 2,5 гады знаходзіцца пад хатнім арыштам, бо нясціпла заяўляла больш за ўсіх пра свае амбіцыі”, — кажа Бухарбаева і дадае, што заяву малодшай дачкі Лолы пра хваробу бацькі можна таксама лічыць жэстам, які паказвае яе імкненне да ўлады.
“Насамрэч ні ад Шаўката Мірзіяева, ні ад Рустама Азімава за 10 гадоў я не чула ніводнай публічнай заявы. Я нават не ведаю, які голас у гэтага Шаўката Мірзіяева. Іх нават па тэлевізары ніколі не паказвалі. Бо ў нас быў толькі адзін прэзідэнт Карымаў, які мае права выходзіць і прамаўляць”, — дадае журналістка.
Ці стане Узбекістан больш дэмакратычным?
Чакаць глыбокіх унутрыпалітычных зменаў ва Узбекістане не варта нават на фоне супярэчлівай інфармацыі, што даходзіць з Ташкента. Рэжым ужо даўно працуе ў тым жа фармаце, што і дыктатар, і наўрад ці дапусціць дэмакратычныя змены. А падпольная апазіцыя мае яскрава выражаныя ісламісцкія погляды, у чым нельга было папракнуць Карымава.
Як зменіцца сітуацыя ў рэгіёне
Магчымы сыход Карымава, тым не менш, можа станоўча паўплываць на сітуацыю ў Сярэдняй Азіі. Суседнія краіны хацелі б жыць мірна, і прычынай дэзінтэграцыі ў рэгіёне быў сам Карымаў:
“Ён заўжды спрабаваў перашкаджаць Таджыкістану. Таджыкістан доўгі час пакутаваў і ад энергетычнай блакады, і ад перакрыцця чыгункі. Гэтай краіне адключалі электрычнасць у зімовы час. Гэта рабілася, каб падпарадкаваць Душанбе Ташкенту. Тыя ж праблемы былі з Кыргызстанам. Адзінае, Карымаў, не наважваўся бадацца з Казахстанам”.
Галіма Бухарбаева мяркуе, што змяніць знешнепалітычную абстаноўку можа толькі ісламская падпольная апазіцыя. Калі ўлады хутка не вызначацца з пераемнікам і той хутка не возьме ўсё пад свой кантроль, ісламісты паспрабуюць заявіць пра сябе.
Падчас кіравання Карымава Узбекістан вёў адносна незалежную палітыку ў дачыненні да Крамля. І магчымы паварот Узбекістана да Расіі можа адбыцца, калі да ўлады прыйдзе чалавек з найбольш лаяльных да Масквы сілаў — са Службы нацыянальнай бяспекі. Адкрытых празаходніх палітыкаў у краіне няма.