Сівіцкі: Стасункі з Кітаем падштурхоўваюць Беларусь да рэформ і сяброўства з ЕС

Сівіцкі: Стасункі з Кітаем падштурхоўваюць Беларусь да рэформ і сяброўства з ЕС

Паспяховасць праекта індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і будучыня ўдзелу Беларусі ў кітайскай ініцыятыве “Адзін пояс і адзін шлях” залежаць ад таго, наколькі добрымі будуць адносіны Беларусі і Еўрасаюза. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае палітолаг Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Сівіцкі: “Адзін пояс адзін шлях” — гэта ініцыятыва, накіраваная на інтэграцыю кітайскай эканомікі з эканомікай Еўрасаюза. І пакуль мы не будзем упісаныя ў гэты кантэкст, пакуль не будзем мець нармальныя і прадказальныя стасункі з Еўрасаюзам, пакуль не станем сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, пакуль не заключым Гандлёвую дамову з ЕС, буйныя кітайскія транснацыянальныя карпарацыі будуць проста пазбягаць Беларусі. Бо для іх будзе прасцей заснаваць свае кампаніі ў той жа Чарнагорыі. Такім чынам, каб гэты праект запрацаваў, Беларусь павінная зрабіць велізарную “хатнюю працу” — каб стварыць спрыяльны бізнес-клімат і інвестыцыйныя ўмовы для сусветнавядомых кітайскіх транснацыянальных карпарацый”.

Па словах эксперта, “хатняя праца”, якую афіцыйны Мінск павінен выканаць для прыцягнення ў краіны кітайскіх інвестыцый, мала чым адрозніваецца ад умоў таго ж МВФ.

Сівіцкі: “Калі мы паглядзім на рэкамендацыі, якія звычайна кітайскія спецыялісты даюць па рэфармаванні беларускай эканомікі і стварэнні адпаведнага бізнес-клімату ў краіне, то ўбачым, што яны на 80-90% супадаюць з рэкамендацыямі, якія нам даюць і Міжнародны валютны фонд, і Сусветны банк. Нашы стасункі з Кітаем проста падштурхоўваюць нас да таго, каб мы займаліся рэформамі”.

А пакуль мы не зоймемся як эканамічнымі, так і палітычнымі рэформамі ў выглядзе наладжвання стасункаў з Захадам, “будзе шмат размоў на высокім палітычным узроўні, але вартага эканамічнага напаўнення, якое будзе выяўляцца ў колькасці рэзідэнтаў таго ж “Вялікага каменя” — яго не будзе”.

 

Цалкам размову з Арсеніем Сівіцкім можна паслухаць:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі