Скандальны твор Варашкевіча з выставы "Музыка без межаў" купілі
У мінскай культурнай прасторы ЦЭХ працягваецца выстава "Музыка без межаў", на якой можна пазнаёміцца з карцінамі, намаляванымі беларускімі музыкамі. Па словах аднаго з арганізатараў выставы Віталя Зыблюка, яе наведала ўжо тысяча чалавек. Больш за тое, адзін з твораў, прадстаўленых у ЦЭХу, ужо набылі.
"Калі мы адкрывалі выставу, мы казалі, што ўсе працы, акрамя Алеся Таболіча прадаюцца, ― кажа Віталь Зыблюк. — І вось твор "Турнік" Ігара Варашкевіча ўжо замовілі, і пасля выставы ён стане ўласнасцю адной з прыхільніц гурта "Крама".
Апроч таго, арганізатары выставы "Музыка без межаў" запрашаюць усіх ахвочых ўзяць удзел у творчым конкурсе.
"Ідэя ў тым, каб людзі, як і музыкі, выйшлі за ўласныя межы і дазволілі сабе творчы эксперымент. Для гэтага трэба намаляваць карціну, малюнак, шаржык, які перагукаецца згодна з тэматыкай выставы, то бок, гэта могуць быць уражанні ад музыкі любімага гурта, ад канцэрта ці канкрэтнай песні", — працягвае Зыблюк.
Свае працы трэба дасылаць да 9 красавіка 2017 на адрас [email protected]. А 30 красавіка журы конкурсу, якое складаецца з музыкаў-удзельнікаў выставы “Музыка без межаў” і куратараў выставы, падвядзе вынікі. Пераможцаў чакаюць прызы ад музыкаў, а працы будуць апублікаваныя ў сацсетках.
Сама ж выстава "Музыка без межаў" пасля 19 сакавіка адправіцца ў Віцебск і Брэст.
Дадатковая інфармацыя, даведкі:
https://vk.com/a.lukashevich
https://www.facebook.com/aliaksei.lukashevich.3