СМІ: Экс-прэзідэнта Украіны Януковіча шпіталізавалі ў Маскве
Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч трапіў у маскоўскую лякарню з падазрэннем на траўму пазваночніка. Пра гэта піша “Комсомольская правда” са спасылкай на крыніцы ў НДІ ім.Скліфасофскага. Паводле выдання, Януковіч не мог рухацца.
Іншыя расійскія СМІ пацвярджаюць гэтую інфармацыю, праўда, гаворка ідзе пра іншую траўму. Тэлеканал “360” паведамляе, што ў дастаўленага ў клініку пацыента пашпартныя дадзеныя цалкам супадаюць з імем і прозвішчам экс-прэзідэнта Украіны. У лякарню яго прывезлі позна ўвечары з кровазліццём у каленным суставе. Януковіч прабыў там каля гадзіны.
Мяркуецца, што Януковіч быў траўмаваны падчас гульні ў тэніс. Пасля яго паступлення ў клініку ў блоку лякарні, куды ён трапіў, часова абмежавалі доступ наведнікаў. Асаблівага пацыента накіравалі ў рэанімацыю, аднак пазней перавезлі ў прыватную клініку.
Паводле ria.ru, Віктар Януковіч сапраўды нейкі час знаходзіўся ў НДІ ім.Скліфасофскага. Ён паступіў туды ў пятніцу, атрымаў дапамогу і быў адпушчаны ў той самы дзень.
Віктар Януковіч выйграў прэзідэнцкія выбары ва Украіне ў 2010 годзе. У пачатку 2014 года ў выніку масавых пратэстаў у Кіеве ён быў адхілены ад улады, адразу ўцёк у Крым, а адтуль — у Расію. Ужо там ён звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай “выкарыстаць Узброеныя Сілы Расійскай Федэрацыі для аднаўлення законнасці, міру, правапарадку, стабільнасці, абароны насельніцтва Украіны”.
Ва Украіне Януковіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, спрыянні ў вядзенні агрэсіўнай вайны і наўмысных дзеяннях, здзейсненых з мэтай змянення тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Украіны. Яму пагражае 15 гадоў пазбаўлення волі.