Смяротнае ДТЗ пад Бялынічамі: па віне п’янага кіроўцы загінула пасажырка
У ДТЗ пад Бялынічамі загінула пасажырка аўтамабіля, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца. Як паведамляе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося позна ўвечары 31 жніўня на 65 км аўтадарогі Быхаў-Бялынічы.
27-гадовы кіроўца Renault 19 не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у правы кювет, там урэзаўся ў дрэва і перакуліўся. У салоне было двое пасажыраў: 24-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася на заднім сядзенні, загінула на месцы. Яшчэ адзін пасажыр і кіроўца шпіталізаваныя, прычым шафёр трапіў у рэанімацыю.
Кіроўца сеў за руль у нецвярозым стане. Высветлілася, што раней яго 20 разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за парушэнні ПДР.