Спад гандлю і санкцыі не дадуць ЗВР расці: запас у $8,5 млрд захаваецца нядоўга
Большая частка выплат па дзярждоўгу запланаваная на другое паўгоддзе / Reuters
Нацбанк даў справаздачу пра тое, што на 1 верасня золатавалютныя рэзервы склалі амаль 8,5 млрд долараў. Месяц таму яны былі на мільярд меншыя, але дапамога ад МВФ значна падцягнула беларускія запасы.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што яшчэ дапамагло ЗВР расці і чаму больш асаблівага папаўнення рэзерваў не прадбачыцца.
Папоўніць ЗВР дапамог не толькі МВФ
— У прэс-рэлізе Нацбанка напісана, што золатавалютныя рэзервы выраслі на 1,054 мільярда долараў. А SDR для Беларусі ацэньваліся прыкладна ў 925 мільёнаў долараў. Гэта значыць, без уліку SDR рэзервы выраслі дзесьці на 130 мільёнаў долараў, — расказвае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
Акрамя таго, Нацбанк дае справаздачу аб выплаце знешніх і ўнутраных даўгоў у замежнай валюце ў жніўні на $340 млн. Выходзіць, дзесьці Нацбанку ўдалося знайсці каля $470 млн, акрамя SDR.
Цана на золата па выніках месяца не змянілася, значыць, не паўплывала на ЗВР, адзначае Вадзім Іосуб. Затое прадпрыемствы, банкі і насельніцтва былі чыстымі прадаўцамі валюты, якую Нацбанк мог купіць.
— Агульная сума чыстага продажу ўсімі ўдзельнікамі рынку за месяц склала 228 мільёнаў долараў. Атрымліваецца, павінна быць яшчэ сума, якой не стае [242 мільёны долараў. — Еўрарадыё], — кажа Вадзім Іосуб.
Аналітык мяркуе, што гэтыя 242 мільёны долараў Нацбанк у прэс-рэлізе назваў "паступленнямі замежнай валюты ў бюджэт".
— У прэс-рэлізах яшчэ некалькі месяцаў таму звычайна расшыфроўвалася, што гэта за экспарт нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Цяпер не расшыфроўваецца. Але, магчыма, экспартная пошліна на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні якраз склала частку, якой не стае і якая дазволіла рэзервам вырасці нават без уліку размеркавання спецыяльных правоў пазычання.
Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што ў Нацбанка была магчымасць купіць валюту праз добры экспарт.
— Калі гаварыць пра аперацыі насельніцтва, сумарна з наяўнай і безнаяўнай валютай яны сапраўды 1 мільярд 10 мільёнаў долараў. Пры гэтым купілі 916 мільёнаў. Розніца паміж дзвюма гэтымі лічбамі, гэта значыць чысты продаж — 96 мільёнаў долараў, — расказвае Вадзім Іосуб. — У ліпені яна была 47 мільёнаў долараў. Мабыць, павелічэнне звязана з тым, што запавольваюцца тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва. А падтрымліваць узровень спажывання хочацца. Таму частка насельніцтва больш актыўна выкарыстоўвае валютныя заначкі.
Нарошчваць рэзервы і далей не выйдзе
Пакуль Нацбанку ўдавалася папаўняць золатавалютныя рэзервы, але рабіць гэта і далей наўрад ці выйдзе. Адна з прычын — экспартны бум скончыцца.
— Мяркуючы па працэсах, што адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, запаволенне ўжо пачынаецца. Пытанне ў тым, калі яно дакоціцца канкрэтна да нашага гандлю. Магчыма, праз пару месяцаў, а можа быць, ужо пачынае адбівацца, — працягвае Кацярына Барнукова.
Другая прычына — санкцыі.
— Усе сур'ёзныя санкцыі, якія ўводзіліся ў дачыненні да Беларусі, — гэта санкцыі адкладзенага дзеяння. Гэта значыць, яны не распаўсюджваюцца на наяўныя кантракты або даюць адтэрміноўку, як амерыканскія санкцыі па "Беларуськаліі" да снежня.
Эфект санкцый пачне станавіцца прыкметным да канца года, адзначае Кацярына Барнукова. Яны знізяць прыток валюты ў Беларусь.
— Адпаведна, гэта будзе адбівацца на золатавалютных рэзервах. Іншыя фактары, якія могуць паўплываць на ЗВР, — гэта тое, што на другую палову года прыпадае больш выплат па знешнім доўгу. Таму, хутчэй за ўсё, бурны рост золатавалютных рэзерваў, які мы бачылі раней, да канца года выпарыцца.
Разам з тым экспартны цуд і падтрымка МВФ дапамогуць выканаць мэтавы паказчык па ЗВР — не менш як $6 млрд да канца 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.