Спампоўваць будуць "Ляпісаў", а грошы атрымаюць Ярмоленка і Ціхановіч

Спампоўваць будуць "Ляпісаў", а грошы атрымаюць Ярмоленка і Ціхановіч

У Беларусі з'явілася новае грамадскае аб'яднанне па абароне аўтарскіх правоў у інтэрнэце. "Беларускае таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў" плануе адлічаць "творчым людзям" грошы за спампоўку музыкі і відэа з сеціва.

Адсачыць, колькі чыёй канкрэтна інтэлектуальнай уласнасці спампавана — задача на мяжы немагчымага. Таму новае таварыства пойдзе іншым шляхам: грошы яму будуць пералічаць вытворцы і імпарцёры ў Беларусь тавараў для захоўвання і капіявання інфармацыі. Якія, натуральна, ускладуць гэты плацёж на сваіх кліентаў. 

Спампоўваць будуць "Ляпісаў", а грошы атрымаюць Ярмоленка і Ціхановіч

"Шараговы спажывец, набыўшы ў краме, напрыклад, флэшку ці дыск, заплаціць за іх, умоўна кажучы, не 10 рублёў, а 10 рублёў і 0,001 капейкі. Гэтыя 0,001 капейкі і адправяцца ў аўтарскае таварыства, дзе адсочаць і вызначаць рэйтынгі запамповак, і ў залежнасці ад іх зробяць адпаведныя адлічэнні таму ці іншаму аўтару", патлумачыў старшыня праўлення "Беларускага таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў" Сяргей Кухто.

Па яго словах, у таварыства ўжо ўвайшлі каля 60 прадстаўнікоў музыкі, тэатра, кіно. Сярод іх — драматург Аляксей Дудараў, спевакі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, актрысы Святлана Сухавей і Валерыя Арланава. "Як часта вы спампоўваеце музыку Аляксандра Ціхановіча і калі вы апошні раз гэта рабілі?" — адразу ж пачалі абурацца інтэрнэт-карыстальнікі.

Іншыя пытаюцца: чаму чалавек мусіць плаціць новаму таварыству, набываючы флэшку для ўласных фатаграфій? Трэція пішуць пра творцаў, якія прынцыпова бясплатна выкладваюць свае песні ў інтэрнэт. Чацвёртыя заўважаюць што адлічэнні ад новага таварыства будуць атрымліваць зусім не тыя аўтары, творы якіх часта спампоўваюцца з інтэрнэта. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, якія вынікі выдае сацсетка "ВКонтакте", калі шукаць творы сяброў новага аўтарскага таварыства:

Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч + гурт "Верасы". Аўдыё — 17 469 (уключна з каверамі); відэа — каля 2000 ролікаў;
Анатоль Ярмоленка + гурт "Сябры" — 17 985 (уключна з каверамі і "Гомельскім вальсам" гурта "Крама"); відэа — каля 2000 ролікаў;
Аляксей Дудараў. Аўдыё — 2 (фрагменты п'есы "Радавыя"); відэа — 0;
Святлана Сухавей. Аўдыё — 0; відэа — 0;
Валерыя Арланава. Аўдыё — 2 (песні разам з Георгіем Калдуном); відэа — 0.

Для параўнання. Па запыце "Лявон Вольскі" ВК выдае 4 506 вынікаў, "NRM" — 7 185, "Akute" — 8 767, "Дай Дарогу!" — 23 237, "Brutto" — 33 865, "Без Билета" — 42 839, "Песняры" — 66 691, "Ляпис Трубецкой" — 346 501. Але, пакуль усе гэтыя выканаўцы не заключаць дамовы з новым таварыствам, да іх грошы за спампоўкі іх песень не дойдуць.

Сяргей Кухто адмаўляецца ад каментарыяў, пакуль "Беларускае таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў" не атрымае акрэдытацыю ў Міністэрстве юстыцыі. У размове з Еўрарадыё ён выказаў спадзеў, што гэта адбудзецца на наступным тыдні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі