Спіс дэпутатаў, якія падтрымалі "расстрэльныя" папраўкі, перадалі ў ЕС
Чыноўнікам Еўрасаюза накіравалі спіс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія падтрымалі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, што прадугледжваюць расстрэл за замах на акт тэрарызму. Гэтых дэпутатаў прапануюць уключыць у санкцыйныя спісы, заявіла лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.
Папраўкі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі, а сёння стала вядома, што іх падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Папраўкі набудуць моц праз 10 дзён. Мяркуецца, што яны ўведзеныя для таго, каб узмацніць пакаранне "рэйкавых партызанаў".
"Не ведаю, ці з'яўляецца Беларусь лідарам па колькасці "тэрарыстаў" на душу насельніцтва, але наша краіна дакладна лідарка па тым, колькі выдатных і таленавітых людзей названыя гэтым словам", — пракаментавала гэтыя папраўкі Ціханоўская.
Яна згадала дэпутатку Марыну Лянчэўскую, якая актыўна падтрымлівае "расстрэльныя" папраўкі: "Я не проста так называю гэтае імя. Бо ў спелым грамадстве, да якога мы імкнемся, кожны павінен разумець адказнасць за дзеянні, які ён здзяйсняе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.