Стала вядома, як выглядае новы лагатып магілёўскага ФК "Днепр"
Стала вядома, як выглядае новы лагатып магілёўскага ФК "Днепр". На ім побач з назвай клуба, выкананай па-руску і датай заснавання (1960), прысутнічае леў. Леў лічыцца сімвалам Магілёва. Гэта вынікае з некалькіх версій паходжання назвы горада.
У відэароліку, падрыхтаваным клубам, прысутнічае гісторыя магілёўскага футбола (між іншым прадстаўлены ранейшыя лагатыпы), і анансуецца, што сёлета пачынае пісацца яго новая старонка.
Новы футбольны клуб быў створаны ў Магілёве сёлета з ініцыятывы мясцовых уладаў. У мінулым сезоне горад і вобласць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі прадстаўляла каманда "Дняпро". Гэта быў прыватны праект, створаны праз аб'яднанне перад пачаткам сезона клубаў "Дняпро" і "Прамень" (Мінск). Першы, дзякуючы аб'яднанню, не пакінуў эліту, паколькі "Прамень" адстаяў там сваё месца. Аднак у 2019-м "Дняпро" прайграў стыкавыя матчы брэсцкаму "Руху" і выляцеў з вышэйшай лігі (рэдкі выпадак у гісторыі футбола — каманда два гады запар развітвалася з элітай). Прыватная каманда сутыкнулася з фінансавымі праблемамі і, відаць, скончыць сваё існаванне. Новаствораны "Днепр-Могилёв" з'явіўся не на пустым месцы, ён будзе працягваць традыцыі магілёўскага футбола. Найхутчэй каманда стартуе ў другой лізе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.