Стала вядома, за што судзілі музыкаў гурта Tor band

Музыкі з гурта Tor band / onliner.by
Музыкі з гурта Tor band / onliner.by

Праваабаронцы даведаліся, у чым менавіта вінавацілі музыкаў гурта Tor band, якіх некалькі разоў судзілі па адміністрацыйных справах.

Музыкаў затрымалі ў Рагачове 28 кастрычніка разам з жонкамі. Пазней Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а нядаўна пачалі на іх крымінальную справу і перавялі ў гомельскае СІЗА.

Як даведаліся праваабаронцы, адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў "экстрэмісцкую" песню "Родная Зямля" і выклаў яе ў інтэрнет. "Выкарыстоўваючы гітару з футаралам і рамянём, вырабіў і з таго ж часу захоўваў з мэтай распаўсюду ў суполцы "Tor band" у "Вконтакте", якая належыць яму, аўдыёматэрыял "Родная Зямля" [напісаны ў 2020 годзе] музычнага калектыву Tor band, які адносіцца да інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў", — гаворыцца ў пратаколе.

На судзе Галавач віну не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.

Суддзя заявіла, быццам Галавач ведаў, што песня трапіла ў лік "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Але на момант суда музыка ўжо месяц знаходзіўся за кратамі. А звесткі пра прызнанне сацсетак і песень гурта Tor Band "экстрэмісцкімі" з'явіліся толькі на пачатку лістапада. Прычым было пазначана, што іх прызналі яшчэ нібыта 29 жніўня. Суд прызначыў 15 сутак.

Праваабаронцы мяруцюць, што гэта не першы суд за напісанне песні, бо гітару ў Галавача канфіскавалі пастановай суда ад 14 лістапада паводле арт. 19.11 КаАП.

Яўгена Бурло 15 лістапада асудзілі за здымкі ў кліпе "Жыве", дзе ён удзельнічаў "сумесна з іншымі музыкамі ў полі з выкарыстаннем барабанаў, драўляных барабанных палачак, а таксама металічных стоек і талерак". Кліп таксама быў прызнаны "экстрэмісцкім". Таксама яго вінавацілі ва ўдзеле ў яшчэ адным кліпе гурта. Суддзя Ірына Зыль прысудзіла яму 15 сутак.

16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі