“Стары Ольса” vs Brutto: хто больш паспяхова скарае ЗША
Адразу два беларускія гурты, “Стары Ольса” і Brutto, адначасова даюць канцэрты ў ЗША і Канадзе. Нам падаецца, што гэта крута, і што такога яшчэ не было. Вось так выглядае гастрольная мапа каданд:
“Стары Ольса” падкрэслівае, што выступае не перад нашай дыяспарай, а для ўсіх, у пабах, клубах, універсітэтах і на фестывалях! Пры гэтым музыкі актыўна апісваюць сваю далёкую вандроўку ў сацсетках, дзеляцца ўражаннямі ад гарадоў, прыроды ды сваіх выступаў.
"Наколькі круглымі былі нашы вочы, калі пастыр Рычард (які арганізаваў два нашы канцэрты) папрасіў абавязкова выканаць "Highway to Hell"! Акрамя таго, ён двойчы выскокваў на сцэну і падыгрываў нам на перкусіі. Усе творы ў царкве ўспрымаліся вельмі станоўча, нават старадаўнія застольныя песні! — распавядаюць музыкі пра адзін са сваіх апошніх канцэртаў у Мэрылэндзе. — Найпрыемнейшыя людзі, якія з поспехам спалучаюць глыбокую веру і здольнасць без комплексаў адрывацца".
Журналіст Франак Вячорка, які цяпер вучыцца ў ЗША і пабываў на адным з канцэртаў "Старога Ольсы", піша:
"Усе (пубіка) аднолькава пранікліся неверагоднай аўрай беларускага і еўрапейскага Сярэднявечча. Без сумневаў: Стары Ольса — гэта гурт міжнароднага маштабу, гэта найлепшая беларуская рэпрэзентацыя, гэта напамін амерыканцам і свету, што Беларусь — незалежная і культурна багатая краіна, якая належыць да заходняй цывілізацыі. Тур, з якім цяпер выступае гурт у розных гарадах Амерыкі, пашырае ўяўленне пра Беларусь, не толькі як дыктатуру, але і сусветную культурную скарбніцу".
У той жа час Brutto збіраюць у клубах, сярод якіх ёсць і легендарны PARK WEST у Чыкага, натоўпы беларусаў і ўкраінцаў.
"Усе гурты ў свеце мараць выступіць у Амерыцы, але трапляюць сюды адзінкі… ЗША — гэта мека рок-н-ролу, roots, Crossroads і True! Мы ў пачатку свайго шляху апынуліся з сур'ёзным турам (а дзевяць канцэртаў за 11 дзён — гэта сур'ёзна) у Штатах, і будзем з гонарам прадстаўляць "спрактыкаванай" публіцы сучаснае незалежнае мастацтва Беларусі і Украіны!" — абгрунтоўваюць сваё з'яўленне ў Амерыцы Brutto.
Як і "Стары Ольса", Brutto актыўна дзеляцца ўражаннямі ад Амерыкі ў сацыяльных сетках.
За выступам Brutto ў Н'ю-Ёрку назірае музычная журналістка і пісьменніца Таццяна Заміроўская:
"Калі Brutto пачынаюць граць, адчуваецца, што яны прывыклі працаваць з крыху больш адкрытай — украінскай — публікай. Але калі яны бачаць, што беларусаў у зале сапраўды шмат, яны адтайваюць, з фармату бранябойнай хардкор-вечарынкі пераходзячы ў фармат сустрэчы, пазнавання. Напружаны і расфакусаваны погляд Міхалка, якім ён глядзіць нібы праз натоўп, становіцца больш мяккім і пільным, як толькі на песні "Гары" над натоўпам паплыў лес беларускіх і ўкраінскіх сцягоў. Гэты момант ўзаемнага пазнавання крытычна важны: атрымалася, усё добра".
Міхалок, у адрозненне ад сваіх сяброў па гурце, ужо быў у Амерыцы: у 2009-м у межах "Маніфест-тура" ён прыехаў у Новы свет з шасцю канцэртамі разам з "Ляпісамі". Але кажа, што тады гэта было як турызм.
Цікава, што і "Стары Ольса", і Brutto граюць апошнія канцэрты сваіх тураў 9 кастрычніка. Першыя — на фестывалі ў Тэхасе. Другія — у канадскім Ванкуверы. Хто наступны?
У 1976 годзе ў двухтыднёвы тур па Амерыцы адправіліся “Песняры”. Музыкі аб'ехалі 15 штатаў, і, па словах Леаніда Барткевіча, усе канцэрты былі аншлагавымі:
"Слухалі нас тады маладыя амерыканцы. За гэтую паездку нам плацілі па $9 сутачных, у тым ліку і Мулявіну, і тэхнічным работнікам. За гэты тур мы зарабілі каля мільёна долараў, але ўсё аддалі дзяржаве. Сэд Гарыс, калі праводзіў нас, стаў на калені ў аэрапорце, стукнуўся галавой аб падлогу і сказаў: "Хлопцы, я на вас зарабіў мільён долараў за такі кароткі тэрмін!"".
У канцы 1990-х і сярэдзіне двухтысячных па ЗША з гастролямі ездзіў "Новы Іерусалім".
У 2009-м у межах "Маніфест-туру" па Штатах праехаўся "Ляпіс Трубяцкі".
У 2012-м некалькі канцэртаў сыграў Лявон Вольскі.
У 2015-м годзе ў Портландзе, Сіэтле, Сан-Францыска і Нью-Ёрку выстпаў кабарэ-бэнд "Серебряная Свадьба".
У 2016-м "Стары Ольса" дае больш за 40 канцэртаў у ЗША. Brutto — 9 канцэртаў у буйных гарадах: Н'ю-Ёрк, Чыкага, Сан-Францыска, Дэнвер, Сіэтл, Лос-Анжэлес, Бостан, Таронта, Ванкувер.