Статкевіч: Людзям, якія сёння прыйшлі на плошчу, пастух не быў патрэбны
Экс-палітвязень Мікалай Статкевіч называе сённяшнюю акцыю пратэсту, якая адбылася ўвечары 11 кастрычніка на праспекце Незалежнасці ў Мінску, стыхійнай і кажа, што паважае яе ўдзельнікаў:
“Кожны грамадзянін Беларусі мае права на пратэст і людзі яго рэалізавалі”.
Сваю бяздзейнасць у дзень выбараў палітык тлумачыць тым, што дата 11 кастрычніка яго даўно не цікавіць, а акцыі пратэсту ён завяршыў напярэдадні — 10 кастрычніка:
“Я лічу гэтыя выбары спецаперацыяй, лічу, што на іх не было альтэрнатыўных кандыдатаў, толькі фіктыўныя сапернікі, якія выконвалі функцыю зазывалаў. І тое, што гэтыя людзі не паклікалі грамадзян Беларусі на плошчу, каб абараніць іх ад фальсіфікацыі, пацвярджае мае словы”.
Да таго ж, мяркуе Статкевіч, калі б на плошчы сёння з’явіліся апазіцыйныя лідары, улады б заявілі пра тое, што апазіцыя сабрала на плошчу 70-150 чалавек. “Але, думаю, людзям, якія сёння сабраліся выказаць сваю пазіцыю, пастух быў не патрэбны. Яны самі справіліся”, сказаў палітык.