Статкевіч расказаў, чаму не ездзіць у рэгіёны, але лічыць сябе лідарам пратэстаў

Статкевіч расказаў, чаму не ездзіць у рэгіёны, але лічыць сябе лідарам пратэстаў

Акцыі ў рэгіёнах ― гэта добра ці не і чаму ўлады распачалі рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў, размаўляем з Міколам Статкевічам.

 

Еўрарадыё: Пратэсты ў рэгіёнах напярэдадні 25 сакавіка ― гэта добра ці не?

Мікалай Статкевіч: Думаю, што справа ў колькасці гэтых пратэстаў. Калі пратэст атрымаўся адразу моцным і ўдалым, то варта было б да 26-га спыніцца. Таму што наступнай, пасля правядзення Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску, мы ладзім агульнанацыянальную акцыю. Заклікаем, каб 26-га рэгіёны выйшлі на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў і падтрымалі нас.

Але калі пачынаюць часціць, то ўлада пачынае вылічваць лідараў пратэстаў, пачынае хапаць і запалохваць. Мы вельмі спадзяемся, што гэтыя пратэсты выявяць новых лідараў, не стомленых, поўных энергіі, поўных жадання змяніць сітуацыю.

Еўрарадыё: Калі толькі акцыі пачыналіся, жорсткай рэакцыі ўладаў не было, таму людзі з яшчэ большым імпэтам выходзілі на плошчы. Цяпер ідзе канкрэтны ціск, суды, вялікія штрафы. Як вы думаеце, гэта саб'е напал і жаданне людзей выходзіць ці не?

Мікалай Статкевіч: Сітуацыя зайшла ў краіне ў тупік, гэта ўжо відавочна ўсім. Раней, калі былі спадзяванні, што Лукашэнка некуды паедзе, нешта выпрасіць і зноў будзе лепей, гэтыя спадзяванні стрымлівалі пратэст, людзі спадзяваліся на яго. Цяпер такога спадзявання няма. І вось гэтыя брутальныя дзеянні ўладаў толькі злуюць людзей. Яны могуць толькі радыкалізаваць пратэсты. Асабліва, калі ўлада збіраецца нейтралізаваць лідараў пратэсту, то стыхійны пратэст можа быць значна больш небяспечным для яе.

Еўрарадыё: Беларускае тэлебачанне назвала вас галоўным лідарам усіх гэтых пратэстных акцый. Сапраўды адчуваеце сябе лідарам гэтай хвалі?

Мікалай Статкевіч: Так, я ― лідар гэтых пратэстаў, я рыхтаваў гэтыя пратэсты, зноў прывучаў людзей да таго, што можна выходзіць і пратэставаць. Крыху менш за год таму на ўстаноўчай сесіі Беларускага нацыянальнага кангрэсу сярод іншых была задача, якая гучала так: узначаліць і скіраваць сацыяльны пратэст, які расце, для прымушэння ўлады да палітычных і эканамічных рэформ. Я прагназаваў гэтую сітуацыю, я рыхтаваўся да яе.

Еўрарадыё: Узначаліць атрымалася? Маю на ўвазе рэгіёны...

Мікалай Статкевіч: Так. Па-сутнасці, атрымалася ўзначаліць, таму што сігнал далі мы. Людзі пачалі выходзіць, выходзіць пад нашымі лозунгамі і пад нашымі сцягамі. Гэта было вельмі важна, каб менавіта патрыятычная апазіцыя ўзначаліла пратэст. Таму што, калі людзі бачаць, што нехта змагаецца за іх эканамічныя інтарэсы, яны прымаюць і палітычныя погляды свайго абаронцы.

Еўрарадыё: Чаму тады вас, лідара, няма на пратэстах у рэгіёнах?

Мікалай Статкевіч: Добрае пытанне, дзякуй за яго. Калі ты бярэшся быць адказным за галоўную акцыю, ты не павінен спаліць сябе, нейтралізаваць на другасных. Даруйце, людзі, вашы акцыі вельмі важныя, але ўсё будзе вырашацца ў сталіцы. Я не магу зразумець паводзіны некаторых палітычных кіраўнікоў, якія гэтае элементарнае і вядомае правіла парушылі. Калі ў вас акцыя 15-га сакавіка, і, ведаеце, што вас змогуць затрымаць, што ж вы паехалі ў гэтыя райцэнтры?! Там было каму правесці. У Маладзечне кіраўнік кааліцыі БНК быў указны, Алесь Абрамовіч, і ён правёў. У Оршы ― Васіль Беразень, кааліцыя БНК. І ўсё было праведзена. Навошта? А цяпер я быў на аргкамітэце сярод разгубленых людзей другога-трэцяга ўзроўню кіраўнікоў, якія не ведаюць, што рабіць. На Бангалор яны вырашылі ісці. Я не маю такога права: калі я людзей 25-га паклікаў, я павінен там быць. Я разумею, што мяне могуць і без усялякіх рэгіёнаў нейтралізаваць, і цяпер я раблю неабходныя палітычныя захады, каб гэтага не адбылося.

Еўрарадыё: Пасля 25-га сакавіка, паглядзеўшы, колькі людзей выйшла пратэставаць, улады возьмуць і адменяць Дэкрэт №3. Што далей?

Мікалай Статкевіч: Давайце спачатку паглядзім колькі людзей выйдзе 25-га. Як нехта сказаў, давайце станем і палічым, колькі нас, людзей, якія маюць годнасць і якія гатовыя яе абараняць. Усё будзе залежаць ад гэтага. Калі яны гатовыя, мы пойдзем далей, будзем, як удаў, марудна, спакойна іх дадушваць. Я запрашаю спадара Лукашэнку 25-га сакавіка сустрэцца з людзьмі, якія будуць на Маршы абураных беларусаў, выйсці да іх і адказаць на пытанні, адказаць, як ён кіраваў намі амаль 23 гады. Я гатовы гарантаваць яго бяспеку ― чалавек сто паставім, але абаронім... Калі людзей будзе вельмі шмат, то ўлада мусіць ісці на саступкі... Нам давядзецца выходзіць часта. Магчыма, мець пастаяннае месца для гэтага. І чым больш мірна мы хочам гэта зрабіць, тым больш працы нам давядзецца рабіць. Выходзіць, стаяць, патрабаваць. Калі гэты пратэст не будзе спыняцца, будзе расці і заставацца на высокім узроўні, то тут два варыянты: альбо рэжым пойдзе на перамовы і саступкі, альбо ён пачне сам развальвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі