Стаўбцоўскаму падлетку выставілі абвінавачанне ў забойстве двух чалавек
Школьніку са Стоўбцаў выставілі абвінавачанне ў забойстве двух чалавек з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў, а таксама ў замаху на забойства дзвюх асобаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Расследаваннем крымінальнай справы аб трагедыі ў сярэдняй школе №2 Стоўбцаў займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта.
Трагедыя адбылася 11 лютага. 15-гадовы падлетак ударыў нажом 50-гадовую настаўніцу і 17-гадовага вучня, якія памерлі на месцы здарэння. Таксама юнак параніў двух аднакласнікаў, якія спрабавалі абараніць настаўніцу. Яны былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Цяпер школьнікі выпісаныя з лякарні.
Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза выявіла, што падлетак усведамляў злачынны характар сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі.
Хлопец прызнаў сваю віну толькі часткова. Ён узяты пад варту.