Студэнты збіраюцца правесці ў Мінску "марш любові і салідарнасці"
Беларускія студэнты плануюць сабрацца ў Мінску на "марш любові і салідарнасці". Пра гэтую падзею стала вядома з сацыяльных сетак.
"Гэта наша магчымасць паказаць адміністрацыі ўніверсітэтаў і міністэрству адукацыі, што мы патрабуем рэальных рэформаў у сферы вышэйшай адукацыі, а не спробаў прыкрыць свае няўдачы "паборамі і штрафамі"... Мы выступаем за паўнавартаснае і роўнае ўключэнне ў кіраванне ўніверсітэтам ўсіх трох бакоў: адміністрацыя, выкладчыкі і студэнты", — адзначаецца ў заяве.
Як паведамляла Еўрарадыё, раней студэнты БДУ сабралі 2,5 тысячы подпісаў, каб адміністрацыя не ўводзіла плату за пераздачы. Але новыя дадатковыя паслугі ва ўніверсітэце ўсё ж увялі. Пазней да студэнтаў БДУ далучыліся студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Ці звярталіся арганізатары па дазвол на акцыю да гарадскіх уладаў, пакуль невядома.
Фота: flickr.com