Суд не скараціў тэрмін дэпартацыі праваабаронцы Танкачовай
Суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў у датэрміновым вяртанні ў Беларусь праваабаронцы Алены Танкачовай. З просьбай скараціць тэрмін яе дэпартацыі выступілі 12 прадстаўнікоў праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў нашай краіны, інфармуе tut.by.
Танкачова мае расійскае грамадзянства, але 30 гадоў пражыла ў Беларусі. У 2014 годзе МУС пазбавіла яе віду на жыхарства і ў 2015-м дэпартавала на тры гады за межы краіны. Падставай для дэпартацыі сталі штрафы Танкачовай за перавышэнне хуткасці: на думку МУС, гэта пагражала грамадскаму парадку.
Сама высланая звязвае дэпартацыю са сваёй праваабарончай дзейнасцю. Танкачова аплаціла ўсе штрафы і тройчы падавала заявы ў МУС на датэрміновае вяртанне, але кожны раз ёй адмаўлялі.
Адна з заяўніц, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка распавяла некаторыя падрабязнасці судовага працэсу: "У працэсе нашага суда МУС заяўляла пра тое, што ім невядома пра жаданне самой Алены Танкачовай вярнуцца ў Беларусь. Як гэта магчыма, калі яна тры разы сама прасіла пра гэта, і апошні зварот было ў чэрвені?"
У ліпені прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці звярнуліся ў суд ад свайго імя, каб дамагчыся для Танкачовай права вярнуцца ў Беларусь. Суд стаў на бок МУС і заявіў, што для такой просьбы праваабаронцы мусяць мець даверанасць Танкачовай, каб дзейнічаць ад яе імя.
Смалянка лічыць такую матывацыю адмовы неабгрунтаванай: "Алена Танкачова — знакавая фігура ў нашай краіне, вядомая праваабаронца. На нашу думку, яе прысутнасць у Беларусі прынясе больш карысці грамадству, чым яе адсутнасць. Але суд палічыў, што мы не маем права на разгляд справы па сутнасці".
Забарона Алене Танкачовай на ўезд у Беларусь заканчваецца ў лютым 2018 года.