Суседкі Рудага абмяркоўваюць яго прапанову сядзець з дзіцем два гады
Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды жыве ў трохпакаёўцы ў Бараўлянах, ездзіць на самай простай хондзе insight, выходзіць разам з суседзямі разграбаць снег пасля “Даніэлы” і заўсёды вітаецца. Выхоўвае дваіх дзетак, аднаму з якіх яшчэ няма годзіка. А яшчэ лічыць, што адпачынак па доглядзе за дзіцем варта скараціць да двух гадоў — тады эканоміка краіны вырасце на 2,3%.
У артыкуле, апублікаваным у “Беларускім эканамічным часопісе”, Руды ўзгадвае досвед суседніх краін, дзе “дэкрэт” цягнецца максімум 18 месяцаў. Піша, што два гады — аптымальны тэрмін і для груднога выкормлівання, і для аднаўлення маці пасля родаў. Праўда, куды аддаваць немаўлят, калі садкі перагружаныя і не ва ўсіх з іх ёсць ясельныя групы, дзе знайсці працу жанчынам у цяперашніх эканамічных умовах, не зусім зразумела. А менавіта гэтыя пытанні больш за ўсё хвалююць суседак па двары памочніка прэзідэнта, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё.
Алена. Гуляе на вуліцы разам з пяцігадовай дзяўчынкай і вазочкам, у якім спіць хлопчык. Кажа, што праблем з выхадам на працу ў яе не будзе. Яе непакояць садкі.
"Калі пры гэтым яны забяспечаць садкамі, дык калі ласка: два гады — гэта нармальна. Але калі будзе сітуацыя з садкамі такая, як цяпер, — гэта проста нерэальна! Напрыклад, чарга дачкі ў садок дайшла тады, калі ёй было 4,5 года. Мы вазілі яе ў Мінск. А калі зіма і мароз, паспрабуй прывязі, машына не кожны раз завядзецца на марозе. Да таго ж, у групе было каля 30 дзяцей. У іншых садках, па чутках, яшчэ больш. А калі яны пойдуць з двух гадоў...”.
Юля. Мама трохгадовай Крысціны. Аддала дачку ў садок за паўгода да выхаду на працу. Каб прыйсці ў сябе. Перакананая, што трохгадовы дэкрэт — акурат тое, чым Беларусь можа ганарыцца.
"Гэта адна з пераваг нашай краіны. Хоць нейкая перавага на нашу карысць, што можна і за дзіцем паглядзець, і нешта даць яму, у тым ліку першапачатковую падрыхтоўку да садка… Ініцыятары ўвогуле задумваюцца, што патрэбны будзе дадатковы персанал? Наша выхавацелька ў садку кажа, што "вешаецца" ад колькасці дзяцей, збіраецца звальняцца. Ужо пры мне звольнілася дзве, не з-за малых заробкаў, а з-за складанасці працы. Але можа калі зробяць два гады, дык нешта зменяць і будзе на пяць дзяцей па выхавацелю? За мяжой жа дашкольныя ўстановы іншыя, там іншы падыход. А ў нас: "Селі ўсе, закрылі ўсе раты!"… Я сумняюся, што недзе там так размаўляюць з дзецьмі”.
Вераніка. Бізнэс-аналітык. Працуе дыстанцыйна. Яе пяцігадовы Коля некалькі разоў на тыдзень наведвае прыватны дзіцячы садок.
"Тое, што ў Амерыцы жанчыны сядзяць у дэкрэце некалькі тыдняў, — гэта адно пытанне: дзяцей аддаюць у садкі, дзе персанал мае адпаведную кваліфікацыю. У іх іншы менталітэт, яны не настроеныя на доўгатэрміновае грудное ўскормліванне. Я лічу, што ў той момант, калі беларускае грамадства атрымае еўрапейскі ці амерыканскі менталітэт і адпаведнае стаўленне персанала да дзяцей — гэта можна разглядаць. Можна і да трох месяцаў знізіць тэрмін, а не да двух гадоў. Але ў цяперашніх рэаліях гэта непрымальна”.
Юля. Псіхолаг. Кансультуе па пытаннях мацярынства. Маці траіх дзяцей.
“У вымушанай сітуацыі любое дзіця будзе прыстасоўвацца. Зразумела, што без пакутаў не абыдзецца, бо дзіцячы садок — гэта выпадковы сход розных дзяцей, якіх не аб’ядноўвае нічога, апроч таго гора, якое яны перажываюць, калі туды трапляюць… Але пры нявымушанай сітуацыі, калі можна пакінуць дзіця дома, то асабіста я ў два гады не аддала б ніводнага свайго дзіцяці. Нават у тры я задумваюся, ці трэба гэта. Таму што мы чуем розныя водгукі пра тых людзей, якія працуюць у садках, чуем, што там адбываецца, якая там атмасфера, як моцна загружаны выхавацелі працай, зусім не звязанай з дзецьмі — яна ім не патрэбна, яна не цікавая, але пры гэтым дзеці ці застаюцца самі па сабе, ці абмяжоўваецца ўсё стандартнымі заняткамі з імі. А жывых, непасрэдных стасункаў з выхавацелямі не здараецца практычна нідзе…”.
Лена. Энергетык. Пасля пяці гадоў дэкрэту вярнулася ва ўніверсітэт, каб звольніцца з выкладчыцкай працы, дзе за стаўку плацяць тры мільёны. Шукае пасаду, на якой будзе зарабляць больш. Але пакуль пуста: усе аднакурсніцы, якія яшчэ пяць гадоў таму працавалі ў праектных інстытутах і добра зараблялі, цяпер сядзяць у адпачынках за свой кошт. Таму яе цікавіць перш за ўсё пытанне працаўладкавання, з якім сутыкнецца кожная жанчына пасля 2-гадовага дэкрэтнага адпачынку.
“Тры гады — раскоша ў нашай эканамічнай сітуацыі. Але ў іншым выпадку трэба змяняць усю сістэму. Двух гадоў дэкрэту можа быць дастаткова пры ўмовах, што будзе шмат садкоў, будуць маленькія групы, у якіх будзе шмат выхавацеляў і нянечак. Тады ўсё будзе ў парадку. А так уяві апрананне дваццаці дзяцей адным выхавацелем — да двух гадоў самастойных дзетак амаль не бывае. Ды і трэба вазіць за трыдзевяць зямель на аўтобусе. Нікога не цікавіць, што ў цябе два дзіцяці: некаторыя возяць у розныя садкі”.
Міла. Мама дваіх дзетак. У дэкрэтным адпачынку чацвёрты год.
"З аднаго боку, гэта добра, таму што мама не паспее дэградаваць і стаць сацыяпаткай. З іншага боку, усё ж здорава назіраць за тым, як расце тваё дзіця — гэта самыя каштоўныя моманты. І ў выпадку са зніжэннем дэкрэту мама не будзе так добра разумець сваё дзіця. Я ўсё ж за тое, каб заставалася так, як ёсць".
Лена, выкладчыца нямецкай мовы. Мама двух хлопчыкаў пяці і трох гадоў. Малодшага аддала ў садок у 2 гады 3 месяцы:
“З першым дзіцем мне былі патрэбныя гэтыя тры гады. З другім хапіла б і 2,5. Але пытанне ў тым, што ў нас не ўсе дзіцячыя садкі з яслямі. Калі іх туды весці, то весці трэба ў год і 10, у год і 11: наколькі ў нас садкі да гэтага гатовыя? Калі няма ў садку яслей, трэба вазіць туды, дзе яны ёсць. Да таго ж, яны будуць хварэць, хутчэй, часцей, чым радзей, і бальнічныя будуць брацца часцей. Таму гэта спрэчнае пытанне: выйграе ад гэтага наша эканоміка ці не. У Германіі ёсць яселькі з 6-ці месяцаў. У групе — 5-6 чалавек. І на гэтыя 6 чалавек чатыры выхавацелі. Прычым, гэтыя выхавацелі — не проста людзі без адукацыі, ці з нейкай адукацыяй, а людзі, прайшоўшыя спецыяльную адукацыю менавіта для гэтай групы. То бок, самотныя мамы, якія вымушаны выходзіць на працу, могуць ім даверыць дзіця. У нас такой сацыяльнай абароны ў краіне няма. І калі я аддаю дзіця ў 2 гады, і я бачу выхавацельку, якой 22 гады, у якой няма ўласных дзяцей і адпаведнай адукацыі, то ў мяне вельмі вялікае пытанне, наколькі яна ўвогуле справіцца з сітуацыяй. А ўвогуле тры гады – гэта вельмі гуманна і адпавядае мэце павысіць нараджальнасць. Не так шмат сацыяльных заваяванняў у працоўных беларусаў, каб губляць апошняе”.
З размоваў з суседкамі Кірыла Рудага вынікае, што перад тым, як зрабіць адпачынак па доглядзе за дзіцем двухгадовым, дзяржава мусіць да гэтага добра падрыхтавацца. Па-першае, пабудаваць новыя садкі. Перабудаваць сістэму дашкольнага выхавання, абапіраючыся на досвед еўрапейцаў і амерыканцаў. Выпусціць спецыялістаў новай генерацыі, з якімі дзецям будзе ўтульна і добра. Падвысіць заробкі выхавацелям. Пакінуць ім толькі дзяцей, пазбавіўшы ад бясконцай пісаніны. Зрабіць прафесію прэстыжнай. І потым аб’явіць двухгадовы “дэкрэтны”. Хаця, перакананыя многія субяседніцы, калі ўжо пачаліся падобныя размовы, ёсць верагоднасць, што пра “два гады” мы даведаемся зусім хутка.
Фота: www.soul-photographics.de, doctor.ufa1.ru, lovablelabelsblog.com, мамысами, tut.by