Сяргей Рутэнка не патрапіў у папярэднюю заяўку на матч з Ісландыяй
Сёння ў мінскім Палацы спорту згуляюць гандбольныя зборныя Беларусі і Ісландыі.
Гэта будзе адборачны матч чэмпіянату Еўропы 2014 года. Пачатак а 18-й гадзіне. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь-2".
Нагадаем, зборная Ісландыі лідыруе ў 6-й групе з 8 ачкамі, яна ўжо забяспечыла сабе пуцёўку на кантынентальнае першынство ў Даніі. За другую пуцёўку змагаюцца зборныя Беларусі (5 ачкоў) і Славеніі (3 ачкі). У каманды Румыніі ачкоў няма. Сёння ў Бухарэсце згуляюць румыны і славенцы. У выпадку, калі беларусы здолеюць выйграць у ісландцаў, а румыны не прайграюць славенцам, каманда Юрыя Шаўцова датэрмінова займе другое месца. У адваротным выпадку ўсё вырашыцца ў нядзелю, 16 чэрвеня, калі ў Любляне пройдзе матч Славенія — Беларусь.
Як паведамляе "Прессбол", лідар беларускай зборнай Сяргей Рутэнка не патрапіў у афіцыйную папярэднюю заяўку на матч. Праўда, у апошнія гадзіны трэнерскі штаб яшчэ можа ўнесці карэкціроўкі ў склад.