Сёлета афіцыйна могуць прызнаць, што Мінску больш за 1000 гадоў
Археолагам удалося адкапаць доказы (ілюстрацыйнае фота)
Сёлета афіцыйна могуць прызнаць, што Мінску больш за 1000 гадоў, паведамляе БЕЛТА. Як вядома, першая згадка пра Мінск датуецца сакавіком 1067 года. Тады кіеўскія князі ваявалі з Усяславам Чарадзеем і спалілі летапісны Менск. Мяркуецца, што ў той час горад быў на рацэ Менцы ў раёне вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне. Летась там праходзілі маштабныя раскопкі мясцовага гарадзішча, былі цікавыя знаходкі. Вясной яны працягнуцца.
Загадчык аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч кажа, што археолагі раскапалі вал да драўлянай асновы, узялі з яе спілы і адправілі іх у Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Там праводзяць дэндрахраналагічны аналіз (папярэднія звесткі сведчаць, што дрэвы былі ссечаны ў IX-X стагоддзях). А НПЦ па геалогіі ўжо атрымаў шэраг радыёвуглеродных дат драўніны з гэтых умацаванняў (ад 670-х да 991-га года). Застанецца сумясціць даныя радыёвуглероднага аналізу і дэндрахраналогіі. І зусім магчыма, што будзе прызнана: старажытны Менск заснаваны ў Х стагоддзі.
"Гэта даследаванне зойме яшчэ некаторы час, — кажа Вайцяховіч. — Аднак нават спадарожныя знаходкі, зробленыя ўнутры клецяў, адносяцца да другой паловы Х стагоддзя. Сярод іх — манеты-дырхамы, нажы, кераміка, фрагменты сякер, якімі секлі драўляныя канструкцыі, і драўляных рыдлёвак, з дапамогай якіх насыпалі валы".
Мяркуецца, што вынікі даследаванняў будуць гатовыя да канца вясны.
Маштабныя раскопкі на Менцы праходзілі з вясны 2023-га. Археолагі шукалі больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці". Пра неабходнасць такіх даследаванняў у чэрвені 2022-га заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Летась іх фінансаванне было павялічана. Маштабныя археалагічныя раскопкі павінны былі пацвердзіць, што летапісны Менск знаходзіўся менавіта там.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.