Сёння пачынаецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай

Сёння пачынаецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай

Сёння пачынаецца дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Як раней паведамляла прэс-служба кіраўніка краіны, паездка разлічаная на 28-30 верасня. У праграме візіту — перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, па выніках якіх будзе падпісана каля 30 міжнародных дакументаў аб супрацоўніцве ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. Апроч таго, Лукашэнка правядзе ў Пекіне сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам і шэрагам іншых высокіх чыноўнікаў Кітая.

Кіраўнік Беларусі наведае таксама Пекінскі ўніверсітэт і сустрэнецца з кіраўніцтвам гэтай ВНУ і студэнтамі. Падчас сустрэчы Лукашэнка адкажа на іх пытанні.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Кітаем усталяваныя 25 гадоў таму. У траўні 2015 года ў Мінск прыязджаў кіраўнік гэтай краіны Сі Цзіньпін.

Напярэдадні свайго візіту ў Паднябесную Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 349, які тычыцца рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з Кітаем. У дакуменце згадваюцца сумесныя беларуска-кітайскія інвестыцыйныя праектаў у сферы электраэнергетыкі, аўтамабілебудавання, а таксама цэлюлозна-папяровай і тэкстыльнай галінах.

Указ удакладняе парадак рэалізацыі асобных праектаў, а таксама вызначае пералік замежных арганізацый, якія маюць права на прыцягненне да працоўнай дзейнасці ў Беларусі па працоўных дамовах замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Беларусі, на перыяд рэалізацыі гэтых інвестыцыйных праектаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі