Таццяна Вадалажская застаецца ў статусе падазраванай
Таццяна Вадалажская / Еўрарадыё
Сацыёлаг Таццяна Вадалажская застаецца ў статусе падазраванай і знаходзіцца дома пад падпіскай аб нявыездзе, паведамляе БелаПАН. Яе падазраюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сацыёлаг расказала, што ператрус у яе кватэры праводзілі супрацоўнікі КДБ. У яе канфіскавалі ўсю тэхніку, друкаваную прадукцыю, а таксама бел-чырвона-белыя сцягі і кнігу ўспамінаў пра мастака Міхала Анемпадыстава.
"У мяне быў усяго адзін допыт, але я адмовілася даваць паказанні, і на гэтым усе следчыя дзеянні са мной скончыліся", — паведаміла Вадалажская.
Яна таксама расказала пра ўмовы, у якіх знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсціна. Як і іншым палітычным, ёй не выдалі матраца, падушкі і пасцельнай бялізны. Пастаянна гарэла святло. Па яе словах, яна паспела пабываць у дзвюх камерах. У другой нараў на ўсіх не хапала, і ёй давялося адну ноч спаць на лаўцы. Але перадачу ёй аддалі.
Вадалажская мяркуе, што яе затрыманне звязанае ў першую чаргу "з грамадзянскай і інтэлектуальнай пазіцыяй" Уладзіміра Мацкевіча, які "паслядоўна крытыкуе ўладу і імкнецца наблізіць нас да зменаў".
Філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча таксама затрымалі 4 жніўня, але так і не адпусцілі. Паводле звестак палітолага Андрэя Ягорава, Мацкевіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Яго таксама падазраюць у "арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Мацкевіча палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.