Тэсты на COVID-19 з'явіліся ў санаторыі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта

Санаторый "Юнацтва" / tripadvisor.ru
Санаторый "Юнацтва" / tripadvisor.ru

Санаторый "Юнацтва" пад Мінскам анансаваў новую паслугу: тэставанне на антыцелы да COVID-19. Еўрарадыё даведалася, колькі каштуе экспрэс-тэст і ці з'явілася такая магчымасць у іншых беларускіх санаторыях. Або гэта эксклюзіўная прапанова "Юнацтва", якое — супадзенне ці не — знаходзіцца ў распараджэнні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.

Хуткі высокадакладны тэст

— Цяпер, прыехаўшы на адпачынак, вы можаце прайсці хуткі, высокадакладны экспрэс-тэст на наяўнасць антыцел да віруснай інфекцыі COVID-19. Экспрэс-дыягностыка на каранавірусную інфекцыю ўваходзіць у склад усіх пуцёвак працягласцю ад пяці начэй пражывання, — гаворыцца на сайце санаторыя.

Калі ж чалавек мае намер правесці ў санаторыі ад 2 да 5 начэй, тэст на антыцелы да каранавіруса абыдзецца ў 40 рублёў, расказалі Еўрарадыё ў "Юнацтве". Працэдура займае 15 хвілін. Гэта тыя самыя тэсты, якія паказваюць як прысутнасць інфекцыі ў арганізме, так і наяўнасць імунітэту да віруса.

 

Тесты на антитела к COVID-19 появились в санатории Управделами президента
Тэст на антыцелы да COVID-19 / rbc.ru

У іншых санаторыях такой паслугі няма

Мы патэлефанавалі ў іншыя беларускія санаторыі і пацікавіліся, ці даступна аналагічная паслуга там. У "Нарачы", "Крыніцы", "Беларусачцы", "Нарачанскім беразе" і пансіянаце "Ладэ" адказалі, што тэставанне на антыцелы да каранавіруса не праводзяць.

Намеснік дырэктара "Юнацтва" не стаў падрабязна каментаваць, чаму паслуга з'явілася толькі ў іх санаторыі:

— Гэта была наша ініцыятыва. Мы набылі тэсты.

— А шмат у вас тэстаў? Ці хопіць іх, калі вырасце попыт на пуцёўкі менавіта праз такую паслугу?

— Пакуль што мы разлічваем, што дастаткова.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі