ТОП-10 самых папулярных відэа 2015 года на Еўрарадыё

ТОП-10 самых папулярных відэа 2015 года на Еўрарадыё

10. Як забілі гандбаліста Лукашука — 11 тысяч

Адзін з самых перспектыўных беларускіх гандбалістаў Раман Лукашук атрымаў смяротныя траўмы ля сталічнага клуба “Мулен Руж”. Праз дзевяць месяцаў за гэта шэсць гадоў пазбаўлення волі атрымаў Максім Урубухаў, які адпачываў у тым жа клубе ў тую ж трагічную ноч. Асуджаны віну прызнаў. Аднак адразу ж пасля вынясення прысуду Аляксандр Лукашук, бацька забітага гандбаліста, выказаўся пра тое, што пасадзілі невінаватага. Паводле яго версіі, смяротную траўму Раману нанёс аднаклубнік па “СКА-Мінск”. У снежні Вярхоўны суд вярнуў справу на перагляд.

9. Збор подпісаў за Лукашэнку і Караткевіч — 13 тысяч

Два пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў Таццяну Караткевіч і Аляксандра Лукашэнку стаялі побач. Мы вырашылі паглядзець, каго народ падтрымлівае актыўней, паставілі камеру GoPro на гадзіну і падлічылі. Паскоранае відэа ў выглядзе футбольнага матчу паглядзелі 13 тысяч разоў.

8. Лукашэнка просіць падарыць амбасадару Швецыі кнігі Алексіевіч — 14 тысяч

Пасля таго як Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры, Аляксандр Лукашэнка меў размову з паслом Швецыі. Дыпламат прызнаўся, што не чытаў кнігі Алексіевіч. Лукашэнка сказаў, што падорыць паслу 5 яе кніг. Еўрарадыё даведалася, што абяцанне кіраўнік краіны выканаў.

7. У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны — 18 тысяч

Кампанія з шасці чалавек — пераважна сваякі — адзначалі дзень народзінаў юнай дзяўчыны. У адзін з момантаў мама і цётка імянінніцы нечакана загарэліся проста перад аб’ектывам відэакамеры.

6. Міністр абароны падарыў Лукашэнку аўтамат Калашнікава — 20 тысяч

19 лютага падчас наведвання Міністэрства абароны Аляксандр Лукашэнка атрымаў у падарунак аўтамат.

5. Пад Александрыяй BMW урэзаўся ў картэж — 30 тысяч

Пад вёскай Александрыя BMW выехала на сустрэчную паласу і сутыкнулася з картэжам. Мы адшукалі месца здарэння і на відэа аднавілі тыя падзеі, падлічылі хуткасць картэжу, адшукалі ўдзельнікаў здарэння. Агулам тры відэа паглядзелі каля 30 тысяч разоў.

4. На БТ распавялі пра асабісты аўтамабіль Лукашэнкі, якога няма ў дэкларацыі — 36 тысяч

На тэлеканале БТ распавядалі пра адкрыццё першага ўчастка другой кальцавой дарогі. Вядоўца праграмы сказала, што Лукашэнка адкрыў гэты кавалак дарогі на сваім уласным аўтамабілі. Журналісты заўважылі, што ў дэкларацыі, якую Лукашэнка падаў як кандыдат у прэзідэнты, аўтамабіля няма.

3. Тэлевыступ кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч — 57 тысяч

Найбольшую цікаўнасць сярод наведнікаў сайта Еўрарадыё выклікаў выступ менавіта кандыдаткі-жанчыны.

2. Інтэрв’ю Лукашэнкі недзяржаўным СМІ — 135 тысяч

Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня даў інтэрв’ю Еўрарадыё, Радыё Свабода і tut.by. Відэаверсія складалася з дзвюх частак і агулам іх паглядзелі 135 тысяч разоў.

1. Коля Лукашэнка паказвае ў царкве дзіўны знак старэйшым братам — 728 тысяч

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі акцыю “Малітва за Беларусь”, у якой удзельнічалі Аляксандр Лукашэнка і тры яго сыны. На відэа відаць, як малодшы сын нібыта падае ў храме знак рукой старэйшым братам — Віктару і Дзмітрыю. Пасля гэтага ён становіцца каля бацькі, а каля Колі — яго браты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі