Топ-5: навіны 9 сакавіка
Лукашэнка аб'явіў амністыю "дармаедам", заплачаныя грошы будуць вяртаць
Да канца года ўлады больш не будуць спаганяць так званы “падатак на дармаедства”. Пра гэта 9 сакавіка заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак цалкам адмяняць дэкрэт №3 кіраўніцтва краіны пакуль не збіраецца. Пры гэтым улады абяцаюць вярнуць “дармаедам” ужо заплачаныя грошы.
Аляксандр Лукашэнка абвясціў амністыю “дармаедам”. Пры гэтым збор у дзяржаўную казну заплацілі больш за 50 тысяч чалавек. Аднак механізм вяртання гэтых грошай назад кіраўнік краіны дакладна не агучыў.
З гэтай нагоды Еўрарадыё патэлефанавала ў выпадковыя падатковыя інспекцыі і распытала ў іх пра тое, як можна вярнуць ужо заплачаны падатак.
На нарадзе 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка жорстка адказаў расійскаму прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Напярэдадні, на пасяджэнні ў рамках ЕАЭС Мядзведзеў заявіў свайму беларускаму калегу Андрэю Кабякову, што Беларусь у гэтай арганізацыі "сілком ніхто не трымае".
Пры гэтым, па словах Мядзведзева, калі наша краіна выйдзе з ЕАЭС, то ёй прыйдзецца купляць газ па еўрапейскіх коштах.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, расійскі прэм’ер мусіць зразумець, што газ яму не належыць, таму палітыку не варта палохаць Беларусь такімі заявамі. Кіраўнік нашай краіны падкрэсліў, што калі Беларусь будзе плаціць за расійскі газ па еўрапейскіх коштах, то "Мядзведзеву таксама прыйдзецца за штосьці заплаціць".
Саюз беларускіх пісьменнікаў, беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавалі сумесную заяву ў Міністэрства культуры. Яны патрабуюць уключэння ў спіс творчых арганізацый.
Нагадаем, усе згаданыя аб’яднанні не ўвайшлі ў пералік творчых саюзаў, які 17 лютага апублікавала Міністэрства культуры. Адпаведна, сябры арганізацый, якія не маюць афіцыйнай працы, не лічацца творчымі асобамі і аўтаматычна трапляюцьу спіс "дармаедаў".
Латвія пабудуе на мяжы з Беларуссю двухметровую сцяну. Яе зробяць з металу і калючага дроту. Мяркуецца, што агароджу працягнуць не па ўсёй мяжы, а толькі на некалькі дзясяткаў кіламетраў. Пра гэта заявіў начальнік Службы памежнай аховы Латвіі Нормундс Гарбарс. Паводле яго слоў, 20 сакавіка завершыцца тэндар на распрацоўку і рэалізацыю праекту.