Траіх супрацоўнікаў інфармагенцтва БелаПАН прызналі палітычнымі зняволенымі
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі траіх супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, затрыманых 18 жніўня, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Гэта дырэктарка і галоўная рэдактарка Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў і бухгалтарка Кацярына Боева. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).
Праваабаронцы расцэньваюць ператрусы ў БелаПАН і затрыманне яго супрацоўнікаў "працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова".
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць затрыманых белапанаўцаў з-пад варты і адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна спыніць рэпрэсіі ды вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Пад заявай падпісаліся Беларуская асацыяцыя журналістаў, праваабарончы цэнтр"Вясна", "Прававая ініцыятыва", Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, "Ідэнтычнасць і права".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.