Transparency International: карупцыя ў Беларусі — сярод вышэйшага кіраўніцтва
Арганізацыя Transparency International апублікавала свой чарговы штогадовы рэйтынг Corruption Perceptions Index 2020 ("Індэкс успрымання карупцыі"). Беларусь у ім за год паднялася з 66-га на 63-е месца (агулам разглядаюцца 180 дзяржаваў).
Чым вышэйшае месца ў індэксе, тым менш карупцыі ў краіне. Наша дзяржава знаходзіцца цяпер на адным узроўні з Харватыяй і Кубай.
Сярод суседзяў Беларусі больш высокія паказчыкі ў рэйтынгу маюць Літва (35-е месца), Латвія (42), Польшча (45). Затое Украіна займае 117-ю пазіцыю, а Расія — 129-ю.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, гаворыцца, што індэкс успрымання карупцыі ў краіне паляпшаецца з 2012 года. Таксама складальнікі рэйтынгу падкрэсліваюць, што карупцыя ў Беларусі канцэнтруецца сярод вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.
Самыя некарупцыйныя краіны свету ў 2020 годзе, як і годам раней, — Данія і Новая Зеландыя.
Апошнімі ў спісе ідуць Сірыя, Самалі і Паўднёвы Судан. Яны ж, дарэчы, замыкалі і папярэдні спіс.
Індэкс успрымання карупцыі вылічваецца на аснове незалежных апытанняў міжнародных экспертаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў. Ён паказвае не ўзровень самой карупцыі, а менавіта стаўленне да яе ў той ці іншай краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.