Намесніка дырэктара Гродзенскага драмтэатра судзілі за хабар

Дзмітрый Чылік

Дзмітрый Чылік / сайт Гродзенскага драмтэатра

Пакуль у мінскім тэатрах актораў звальняюць па палітычных матывах, у тэатрах Гродна ідуць зусім іншыя працэсы.

Былога намесніка дырэктара Гродзенскага драматычнага тэатра Дзмітрыя Чыліка асудзілі за неаднаразовае атрыманне хабару. Як піша Hrodna.life, яму прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць штраф — 12 тысяч рублёў (300 базавых велічыняў).

Паведамляецца, што Чылік незаконна атрымліваў грошы з верасня 2021 па люты 2024 года. За гэты час ён атрымаў хабар на суму 20 830 рублёў.

На судзе экс-намеснік дырэктара прызнаў віну часткова. Мужчына добраахвотна заплаціў падатак на атрыманую суму, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.

Згодна з сёлетнім законам аб амністыі, тэрмін пакарання Чыліку зменшылі на адзін год.

Выяўленыя ў яго грошы (2,5 тысячы рублёў) канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі